Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Я апынуўся ў спартыўным інтэрнаце з футбольным ухілам, куды мяне цягнула, пачынаючы з чацвёртага класа, а мой старэйшы брат Андрэй, як толькі скончыў школу, падаўся ў лётнае вучылішча.
Бацьку можна разважаць пра маё лёгкае жыццё, ён лічыць, што я цалкам змарнаваў свае лепшыя гады немаведама дзеля чаго, дый брат — таксама, хоць і ў меншай ступені, чым я (усё ж такі лётчык!), бо меў добрыя даныя для навукі. Да таго ж бацька клікаў яго паступаць у свой інстытут, але брат не захацеў. Мне смешна слухаць бацьку, я кажу, што ён сам нічога не разумее ў жыцці.
— Ты сам нічога не разумееш, ты сам,— крычу я і расплюшчваю вочы. Сівы, зморшчаны дзядок кранае мяне за плячо (адкуль ён узяўся, я не заўважыў яго пры пасадцы).
— У вас жалезныя нервы, малады чалавек,— гаворыць дзядок.— Вы добра, са смакам спалі, але пачалі крычаць, і, прабачце, я вымушаны быў спыніць ваш сон. На вас пачалі звяртаць увагу.
— Дзякуй вам,— толькі і сказаў я, уважліва паглядзвўшы па дзядка. Ён нечым нагадваў старога хамяка.
— У маладосці я таксама мог спаць у любых абставінах, а цяпер толькі ўспамінаю пра тыя часы. Сон стаў нечым нерэальным, яго чакаеш, як вялікае шчасце,— гаворыць дзядок з усмешкай.
Я нічога не адказаў і заплюшчыў вочы. Мячы, якія толькі што ператвараліся ў празрыстыя шкляныя шары з бацькавай лабараторыі, зніклі. Сну больш не было. Я паспрабаваў уявіць сабе твар маці, мой лоб умакрэў ад напружання, але нічога не атрымалася. Перада мной з’яўляліся вочы, потым шчокі, прычоска, але ўсё гэта не стварала адзінага аблічча. Яе няма вось ужо больш як дзесяць гадоў, а мне ўсё бачыцца той дажджлівы асенні дзень, калі яе прывезлі дамоў нежывую, з маладым мармуровым тварам (было ўражанне, што ўсе перажыванні не пакінулі на ім ніякіх слядоў). Потым з'явіўся бацька, які ўжо перабраўся з паўночнага горада ў Маскву. Ён быў збялелы, незнаёмы, увесь час чакаў ад мяне і Андрэя нейкіх агрэсіўных выпадаў (мы абодва гэта выдатна адчувалі, і Андрэй папрасіў мяне трымацца). Потым бацька больш-менш супакоіўся, зноў стаў непрыступным знешне, знаходзіў магчымасць гутарыць са сваімі былымі сябрамі, якія да апошняга дня дапамагалі маці, адзін з іх, Хведар Вайцюшэня, добра падпіў пасля пахавання, прыціснуў бацьку ў куток і сіпла спытаў:
— Ты мне адно растлумач — як так магло здарыцца... У вас было такое цудоўнае жыццё, усе мы, грэшныя, зайздросцілі вашаму каханню. Такое толькі ў фільмах паказвалі, ды і то даўно...
Бацька чырванеў, мармытаў нешта накшталт таго, што сёння, мусіць, не варта ўспамінаць пра колішняе. Вайцюшэня чапляўся да бацькі, спрабаваў сказаць яшчэ нешта, аднак яго адцягнула жонка, а ў майго старэйшага брата, які ўвесь час трымаўся надзіва мужна (я наогул скамянеў, што нікога не здзівіла), нервы не вытрымалі, ён пачаў калаціцца, паўтараючы: «Успомні, успомні, як мы жылі... Гэта было калі-небудзь ці не, ты адкажы, адкажы мне...»
Ен страціў прытомнасць, ад яго не адыходзіў урач, а мяне так і падбівала кінуцца да бацькі, карцела сказаць яму што-небудзь вельмі крыўднае, потым мне стала шкада ўсіх нас: маці, якая знікла назаўсёды і цяпер можа вярнуцца толькі ва ўспамінах, бацьку, што пераблытаў самае галоўнае ў сваім жыцці, нас з Андрэем, а больш за ўсё наша мінулае жыццё, якое таксама больш ніколі не вернецца.
Для нас з Андрэем адносіны паміж бацькамі таксама былі незвычайнымі. Наўкола былі зусім іншыя прыклады, вельмі часта сямейнае жыццё знаёмых людзей нагадвала штармавы акіян; у нашай сям’і ўсё было іначай: бацькі беражліва адносіліся адно да аднаго, стрымлівалі сябе, калі раптоўна сярод яснага, сонечнага неба насоўвалася навальніца; адзін, больш спакойны ў тыя небяспечныя для сямейных адносін хвіліны своечасова адступаў, а другі, разумеючы гэта, таксама хутка супакойваўся. Усе людзі навокал былі ўпэўнены, што, калі б не маці, бацька ніколі б не дабіўся поспехаў у жыцці, мажліва, ніколі б не адолеў цяжкі шлях ад кандыдата да доктара навук, ад дацэнта да прафесара. Бацьку літаральна завалілі ў той час ананімкамі. У самыя адказныя, складаныя моманты жыцця бацьку, як любіць паўтараць наш старшы трэнер Эдгар Фалалееў, ахінала разгубленасць, ён пачынаў нагадваць дзіця, і толькі маці магла яго супакоіць, надаць сілы, і ён зноў пачынаў ірвацца наперад, у бой, раскідаючы сваіх нядобразычлівых канкурэнтаў (а іх у навуцы нават больш, чым у футболе), пачынаў працаваць з незвычайнай сілай і дасягаў немалога.
Тады мы з братам, па сутнасці, былі хлапчукамі, час дазволіў паглядзець на многае па-іншаму, нешта зразумець, а ў нечым канчаткова заблытацца (гэта ў большай ступені тычыцца маёй асобы).
Праз пяцьдзесят мінут палёту я апынуўся ў Масквс, у горадзе, дзе вось ужо многа гадоў жыве і працуе бацька. Я часцей чую ў тэлефоннай трубцы ягоны голас, чым бачу яго самога. Ён пастаянна знаходзіць мяне ў спартыўнай гасцініцы, калі мы прыязджаем на матчы, у час гульні зборнай (калі мяне ў яе запрашаюць), ён падрабязна распытвае пра маё жыццё, пра брата Андрэя, з якім у бацькі адносіны больш складаныя, бо лёс увесь час кідае Андрэя па самых далёкіх гарнізонах. Бацька ўвесь час кліча зайсці ў госці, але я заходжу даволі рэдка,— і не таму, што мне непрыемна бачыць сівога бацьку, паважанага члена-карэспандэнта побач з маладой жонкай Ларысай (яна мне здаецца неразумнай, шэрай у параўнанні з маці) і дзвюх дачок васьмі і пяці гадоў. Трэба ж — ад першага шлюбу два сыны, ад другога — дзве дачкі! Справа не ў гэтым. Я даўно ўжо бачу перад сабой чалавека, які жыве толькі ў маіх успамінах, а сённяшні амаль не існуе. Я часта лаўлю сябе на думцы — не мне судзіць бацьку (як, напрыклад, лічыць Андрэй), мне проста напляваць на яго сённяшняга, мая скамянеласць з моманту мацерынай смерці не знікае. Час ад часу з паездак за мяжу я прывожу падарункі для сваіх сясцёр, у такія мінуты бацька бывае вельмі ўдзячны мне, на яго вачах нават з яўляюцца слёзы (усё ж такі ён вельмі састарэў). Аднак мяне не цягне ў бацькаў дом. А можа, мне проста здаецца, што я абыякавы да бацькі, гэтаксама як ён да мяне.
Футболам бацька не цікавіцца, я казаў пра гэта раней. Яшчэ тады, у даўнія гады, калі мяне на школьнай футбольнай пляцоўцы прыкмеціў трэнер і запрасіў у секцыю, ён быў праціўнікам майго захаплення, спрабаваў перамяніць секцыю, аднак з ягоных спроб нічога не атрымалася. Па сем-восем разоў у тыдзень я хадзіў на трэніроўкі ў футбольную школу моладзі, амаль кожную вольную хвіліну ганяў мяч па двары. Бацька ўздыхаў: «Мабыць, сур ёзна і надоўга!» Цяпер ён таксама ўздыхае: «Мяне ведаюць, дзякуючы табе. Літаральна на ўсіх узроўнях, нават самых высокіх, што для мяне з’яўляецца сапраўдным сакрэтам, пытаюцца, ці сапраўды ты з’яўляешся маім сынам. Потым пачынаюцца віншаванні. Пра маю работу быццам забываюць».
2
Вось і фініш — мяккая пасадка. Мне ўсміхаецца сцюардэса:
— Я вас, здаецца, пазнала!
Я спрабую выціснуць з сябе ўсмешку.
— Дзіва што! Я — новы вядучы тэлевізійнай перадачы «У свеце жывёл».
У Маскве навальніца, сыры, пранізлівы вецер, быццам раптоўна надышла позняя восень. Дзіўна, што мы даляцелі нармальна, а не прызямліліся дзе-небудзь у Рызе ці Вільнюсе (з чым можна параўнаць пакутлівае, шматгадзіннае чаканне ў бясконцых аэрапортах?!). Я бягу міма стаянкі таксі, на якой не менш тысячы чалавек, туды, дзе звычайна таўкуцца «левакі» на машынах розных марак у чаканні заробку. Гэтак і ёсць, яны на месцы, высоўваюцца з вокнаў машын, аглядаюць мяне, ці не маю я нічога агульнага з прадстаўнікамі ўлады, пытаюцца: «Куды?» Я нічога не адказваю, саджуся ў кабіну, называю маршрут. Шафёр са здзіўленнем глядзіць на мяне:
— На сямідзесяты кіламетр Мінскай шашы? Гэта ж далёка...
— А — што?
— А ведаеш, колькі будзе каштаваць?
— Мінулы раз плаціў два чырвонцы. Між іншым, мяне гэта не цікавіць. Стаўка можа быць большай.
Ягоныя вочы цяплеюць.
— Тады паехалі. Дастаўлю як мае быць.
Я маўчу. Люблю ехаць у машыне, асабліва ў такое надвор’е. На душы робіцца спакойна, нішто цябе не хвалюе. Дарэчы, можна было б паехаць сюды на машыне, нейкіх шэсць-сем гадзін добрага ходу, але напружанне нерваў і без таго вялікае. У такім стане лепш, каб цябе везлі. Гэта я добра ведаю... Я зірнуў на гадзіннік. Праз некалькі мінут Фалалееў выведзе каманду на трэніроўку. Словы: «Яго няма. Зноў спазняецца... Пачакаем!» Кароткі крос, распасоўка мячоў, адпрацоўка ўдараў, камбінацыі, гульня... Колькі разоў гэта паўтаралася ў маім жыцці?! Тысячы разоў? Падлічыць немагчыма, ды і каго можа цікавіць такая лічба? Можа, толькі стрыечнага брата бацькі Станіслава Пятровіча. Нават побач з самымі заўзятымі фанатамі футбола ён бы заняў месца сярод прызёраў. У Станіслава Пятровіча цэлая бібліятэка з газетнымі і часопіснымі артыкуламі, кніжкамі на ўсіх мовах, справаздачамі пра самыя розныя матчы, дасье на асобных ігракоў — дзе і калі нарадзіўся, калі пачаў займацца футболам, колькі забіў альбо прапусціў, колькі разоў выступаў за той ці іншы клуб... Ён вядзе асобныя, як гаворыць мой бацька, «амбарныя кнігі» на лепшыя прафесійныя клубы свету і можа ў любы момант даць падрабязную даведку пра іх поспехі і няўдачы. Дзеля футбола ён траціць вялікія грошы на замежныя падпісныя выданні. Я неяк сказаў яму (без адцення жарту), што ён можа спакойна кідаць свой дом адпачынку пад Масквой, дзе здаўна працуе галоўным урачом, і жыць на вольным хлебе. Ён амаль што прафесійны футбольны статыстык.
- Каменная статуя - Мора фон Эпштейн - Прочее
- Прытча пра жука-чарнацёлку - Юры Станкевіч - Прочее
- Адкуль зяўляюцца яны... - Анатоль Казлоў - Прочее
- Система Отбора. Стадия 1. Инициализация. - Файнд Энсвер - Боевая фантастика / Прочее / Попаданцы / Повести
- Профессионал в системе - Владислав Майоров - Прочее