Шрифт:
Интервал:
Закладка:
— Усё нармальна, у час гульні паслаў суддзю ў адно цёплае месца.
Голас бацькі нязвыкла жорсткі:
— Не хлусі. Расказвай усё як ёсць.
Я ўздыхнуў.
— Прабач, але гэта не тэлефонная размова. Зразумей адно — нічога страшнага не адбылося. Дарэчы, я забіў гол у апошняй сустрэчы.
— Ты сам ведаеш, што мяне твае галы асабліва не хвалююць.
— Прабач, тата, трэба ехаць на базу. Унізе чакае аўтобус. Хутка буду ў Маскве, абавязкова зазірну да цябе. Пагаворым.
— Толькі ж глядзі, абавязкова зайдзі да мяне.
Кароткія гудкі. Будзе яшчэ шмат тэлефонных званкоў, у гэтым я перакананы. Ад родных, знаёмых і малазнаёмых людзей. Лепш у гэтыя дні не падыходзіць да тэлефона.
Тым часам пацяклі самыя звычайныя дні, калі на самой справе ў жыцці не было нічога, акрамя футбола. У дагаворнай гульні нам трэба было забіць адзіны гол, і Фалалееў сказаў, каб гэта выканаў я, ён дадаў, што, як ён добра ведае, мне гэта не вельмі прыемна, але час у мяне цяпер такі, што трэба забіваць, забіваць, каб падтрымаць сваё імя. Я і сапраўды забіў гол і пастараўся зрабіць гэта, быццам усё адбывалася «па-сапраўднаму», і трыбуны віталі мяне горача і шчыра. I сапраўды гэты гол быў для мяне патрэбны, бо ў газетах напісалі, што я адразу, без раскачкі знайшоў сваё месца ў новым калектыве, гэта было прыемна, мяне віншавалі ў Белсавеце, сябры. Аднак праз некалькі дзён у мой пакой увайшоў Фалалееў, які трымаў у руцэ штотыднёвік «Футбол-хакей».
— Тут ёсць тое-сёе непрыемнае для цябе,— паведаміў ён.
— З’явіўся артыкул? — спытаў я.
— З’явіўся. Не вельмі каб страшны, але ўсё ж...
Я схапіў у яго з рук артыкул. Ён называўся «Левы крайні і іншыя». Размова ў ім ішла пра тое, што некаторыя спартыўныя зоркі, у тым ліку футбольныя, хакейныя, не вытрымліваюць выпрабавання славай, а добрыя дзядзькі са спартыўных таварыстваў дазваляюць ім літаральна ўсё. I далей: «Так, напрыклад, нападаючы маскоўскага «Дынама» і зборнай К. Паўловіч зрабіў наезд на чалавека, які ў выніку памёр. Невядома, якая віна ў гэтым футбаліста, бо звычайнага ў такіх выпадках раследавання праведзена не было (тут пытанне да нашых супрацоўнікаў унутраных спраў), ён нават не прайшоў медыцынскай экспертызы. Імкнучыся захаваць свайго падапечнага ад непрыемнасцей, яго пераводзяць у сярэдзіне сезона ў іншую каманду...» I далей — набор звычайных фраз пра неабходнасць узмацнення выхаваўчай работы ў камандах, строгай патрабавальнасці да кожнага іграка, незалежна ад таго, якія тытулы і званні той мае. Я вярнуў штотыднёвік Фалалееву.
— Ты не хвалюйся, магло быць горш. Ва ўсім адчуваецца, што ў карэспандэнта не хапіла фактаў.
Я крыва ўсміхнуўся.
— Так, фактаў сапраўды не хапіла... Але ёсць толькі адзін — я забіў чалавека, з’яўляюся ў такім выпадку забойцам, але працягваю сабе спакойна гуляць у футбол.
У пакой ускочыў усхваляваны Стас Прануза. Ён таксама трымаў у руках штотыднёвік.
— Ну і фраеры?! — закрычаў ён з парога.— Ды за такія абвінавачванні можна ў суд падаваць. Я б гэтага пісаку!..
— Усё забудзецца, хоць непрыемны момант ёсць,— сказаў Фалалееў.— Але бывалі ў жыцці некаторых нашых калег і не гэткія моманты. Ты павінен гуляць у футбол яшчэ лепш. Вось і ўсё...
Праз два тыдні зборная павінна была ехаць на адказны матч у ФРГ. На гульню мяне не выклікалі. Я зразумеў, што са складу зборнай мяне выкраслілі. Я сядзеў адзін у вялізнай кватэры, потым пазваніў Фалалееву:
— У нас ёсць некалькі дзён. Я хачу з’ездзіць у Маскву. Трэба перавезці астатнія рэчы, перагнаць машыну.
— Даю табе роўна два дні,— сказаў Фалалееў.
Я сеў у самалёт і апынуўся праз дзве гадзіны ля сваёй цяпер ужо былой кватэры. У паштовай скрыні знайшоў пісьмо. На вялікім лісце белай паперы некалькі радкоў: «Я шукала цябе, каб развітацца, але не знайшла. Бывай. Калі можаш, прабач. Вера».
17
Я працягваю думаць пра яе, уяўляць выраз яе вачэй. I гэта нягледзячы на тое, што мы бачымся па некалькі разоў на дзень, размаўляем, я слухаю, як яна іграе. Мы гуляем па старажытным парку, аглядаем мясцовасць, аднак я пачынаю хвалявацца, яна працягвае паўтараць, што я раптоўна аддаляюся ад яе, думаю аб нечым сваім, для яе невядомым. Я заўважаю, што яна ў гэткія моманты пачынае сумаваць, нават колер яе вачэй мяняецца. Мяне пранізліва мучыць адна і тая ж неадступная думка: засталося некалькі дзён, усяго толькі некалькі дзён. Сапраўды, як кажа Станіслаў Пятровіч, трэба рабіць вывады, прымаць рашэнні. Вярнуцца? Значыцца зноў глядзець у вочы Фалалееву, рабіць выгляд, што ты зрабіў памылку, не больш (калі мець на ўвазе ўцёкі, а не тое, у выніку чаго яны з’явіліся), кідацца ў бой за каманду, за сябе, а значыць, за яго, за Фалалеева, які зноў пасля некалькіх удалых галоў (яго нават пачалі называць адным з самых лепшых трэнераў) вісіць на валаску і можа апынуцца за бортам вялізнага, састарэлага карабля пад назвай «футбол».
Як быць?
— Ты зноў думаеш пра сваё,— гаворыць яна.— Але сёння я не буду крыўдаваць, павер мне. Я разумею, у цябе нешта здарылася...
Упершыню я цалую яе. Яна не адхіляецца. Гаворыць:
— Паслухай, а можа, я змагу дапамагчы табе?
— Не зможаш.
— Чаму?
— Ніхто не зможа. Толькі я сам...
Яна ўздыхае.
— Шкада... У мяне таксама быў непрыемны выпадак. Добра, што знайшоўся адзін чалавек.
— Табе можна пазайздросціць.
— Чаму ты не пытаешся, хто быў гэты чалавек?
— Прабач, але мне ўсё роўна,— нечакана для сябе адказваю я. Разумею, што ў гэтым выпадку мне абавязкова трэба папрасіць у яе прабачэння, але не магу: не знаходжу патрэбных слоў, ды адчуваю, што не хачу іх шукаць.
Яна адхіляецца ад мяне, глядзіць некуды ўбок.
— Нам лепш цяпер развітацца. У цябе дзіўны стан, у мяне таксама. Я ніяк не магу звыкнуцца з пераменамі ў тваім настроі...
Я адказваю:
— Няма нічога дзіўнага, я таксама не магу,— адказваю я і ведаю, што праз імгненне буду шкадаваць пра сказанае. але гэта быццам бы кажу не я, а нейкі іншы чалавек...
— Да пабачэння,— гаворыць яна і знікае.
А што, уласна кажучы, адбываецца, чаму я павінен расказваць ёй пра сябе, адкрываць патаемнае (у якім сам не магу разабрацца), адкуль яна ў рэшце рэшт узялася, чаму, навошта? Я застаюся адзін, вось і выдатна. Я прызвычаіўся быць адзін апошнім часам (які працягваецца вось ужо некалькі гадоў), адзіноцтва мяне не пужае, а, наадварот, часам прыносіць вялізнае задавальненне — я жыву сам па сабе, нікому няма да мяне справы, аднак і я сам магу быць спакойны, абыякавы да іншых людзей. Няхай яны сабе корпаюцца ў сваіх штодзённых справах, любяць, ненавідзяць, а мне на ўсё гэта напляваць, у мяне ёсць футбол, і мяне гэта цалкам задавальняе. А тут сустрэча ў доме адпачынку, я хаваюся ад Фалалеева, ад каманды. Ведаю, пройдзе нейкі час і я зноў буду думаць пра яе, гэтыя думкі ў апошнія дні неадступныя... Што мяне раззлавала? Пытанні: што здарылася, як табе дапамагчы? Можа, і так. Я ведаю, што здарылася, але і на сённяшні свой розум не разумею — чаму здарылася... Бо з самага пачатку, у той самы прыезд у Мінск усё пайшло нечакана добра. А можа, мне толькі так здавалася?
***
- Я ведаю, што ты заадно з імі, я ўпэўнены ў гэтым... Ты не мог не забіць гэты гол, не мог?! — Фалалееў з сілай прыцягнуў мяне да сябе, вочы яго выкаціліся з арбіт, губы дрыжалі, твар пачырванеў.
— У цябе дрэнна з нервамі, я табе даўно казаў! — сказаў я і падумаў, што я даўно, вось ужо некалькі месяцаў, калі паміж намі раптам пачалася паласа адчужэння, чакаў ад яго гэтых слоў, быў упэўнены, што яны абавязкова прагучаць, і дачакаўся. Калі б мне сказалі пра гэта на самым пачатку? Я мог бы адразу ўдарыць аўтара слоў, я не змог бы яго но ўдарыць. Стас Прануза (дарэчы, у нас з ім пачало нядрэнна атрымлівацца ўжо з першых гульняў) гаварыў, што я маю выдатную нянечку, амаль што Арыну Радзівонаўну ў выглядзе Фалалеева, што ён гатовы насіць мяне на руках, гэта заўважае ўся каманда. Я пасмяяўся — у мяне з Фалалеевым здаўна (ён тады яшчэ гуляў у камандзе) склаліся сяброўскія адносіны, аднак цяпер яны ўжо далёка не тыя, да таго ж ён, як Стас добра памятае, аднойчы добра дапамог мне. Што я мог яшчэ адказаць? Сапраўды, у камандзе я апынуўся на асаблівым становішчы. Па-першае, Фалалееву дужа быў патрэбны чалавек у пярэдняй лініі, які будзе забіваць або выдаваць пасы, па-другое, яму хацелася мець чалавека ў камандзе, з якім можна будзе размаўляць на любыя тэмы, раіцца шчыра і адкрыта. Калі я паехаў у Маскву, каб канчаткова выбрацца адтуль і перагнаць машыну, Фалалеева выклікалі ў Цэнтральны савет «Дынама» на нейкую нараду. У нас быў вольны вечар, і Фалалееў сказаў, што заедзе да мяне. Ён з’явіўся недзе каля васьмі вечара, стомлены, у нервовым стане. Усміхнуўся, сустрэўшыся з маім поглядам, растлумачыў:
— Тармазная вадкасць стрэсу паступова знікае...
— Якая яшчэ тармазная вадкасць? — здзівіўся я.
— Табе нядрэнна было б цікавіцца апошнімі дасягненнямі навукі, асабліва фізіялогіі. Аказваецца, у нашым мозгу існуе тармазная вадкасць стрэсу. Яна з’яўляецца своеасаблівым механізмам аўтастопа стрэсу. Калі гэтай вадкасці недастаткова, механізм спыняецца, хімічныя працэсы, што з’яўляюцца ў выніку нервовай узвінчанасці чалавека, распальваюцца з незвычайнай сілай... Вось у мяне гэтай вадкасці сёння не хапіла.
- Каменная статуя - Мора фон Эпштейн - Прочее
- Прытча пра жука-чарнацёлку - Юры Станкевіч - Прочее
- Адкуль зяўляюцца яны... - Анатоль Казлоў - Прочее
- Система Отбора. Стадия 1. Инициализация. - Файнд Энсвер - Боевая фантастика / Прочее / Попаданцы / Повести
- Профессионал в системе - Владислав Майоров - Прочее