Читать интересную книгу Упырхлікі - Макс Шчур

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19

Што да мяне, то мне пасьля гэтага выпадку стала ўсё ясна — прынамсі, з Дашаю. А я, дурань, думаў, што гэта ўсё нейкія там асаблівыя фэрамоны Габрусёвага нямытага цела! Дык вось што значыць гэтае ягонае „Каханьне ёсьць!“ Таксама мне стала ясна, праз каго ў беларускіх мужчын паводле дадзеных НЕСАПІ чэлес у сярэднім большы, чым у расейскіх — яўна не празь мяне, хоць у вымярэньнях я, праўда, у адрозьненьне ад Габруся, і ня ўдзельнічаў...

Крыху супакоіўшыся, я дапусьціў, што ёсьць ува ўсім гэтым і станоўчыя бакі — ня толькі той, што сквот не згарэў і мы ў ім засталіся, а перадусім фінансавы. „Габрусь“, кажу, „а ты ў курсе, што з такім сарамаценьнем, як у цябе, можна спакойна калі ня ў цырку, то прынамсі ў порнафільмах выступаць?“ „Ну не, во сказаў... Я ж саромеюся“. „Павер мне, што за такое сарамаценьне, як у цябе, ніводны мужык — ды што мужык, нават конь — не саромеўся бы“. „Ды я не сарамаценьня, я камэры саромеюся! А сарамаценьня — чаго мне яго саромецца? Я што, галубы? У нас на вёсцы ўва ўсіх мужыкоў пісюны такія...“ Прыкінуўшы ў мазгах месцазнаходжаньне Габрусёвай вёскі, я імгненна прыпісаў гэты калектыўны цуд наступствам Чарнобыля. Нездарма ўсё-ткі вёска называлася Прымакі — маглі ўжо адразу назваць Альфонсы, што тое самае. І чалавек з такім дарам ад бога яшчэ зьбіраўся быць мастаком! „Што ж, раз ты камэры баісься... Ведаеш, я, па-мойму, прыдумаў, як зрабіць так, каб... Карацей, каб у цябе штодня былі новыя цыцачкі й жопкі“. „Як? Падпісацца на порнагазэту? Давай! Вось толькі ці дазволяць анархісты выпісаць яе на адрас сквоту... Дый пошта не пагодзіцца — афіцыйна ж дому не існуе...“ „Слухай сюды!“

Мой плян палягаў у наступным: з выкарыстаньнем усяго свайго інтэлектуальнага шарму (а ў тое, што я інтэлектуал, я паверыў адразу пасьля сустрэчы з Габрусём) я буду знаёміцца з багатымі замежнымі бабамі (нездарма ж я ў лягеры нахапаўся азоў ці ня ўсіх усясьветных моваў), бо на самога Габруся маглі павесьціся ў лепшым выпадку сялянкі-гастарбайтэркі з Усходу, дый жанчыны звычайна саромеюцца адразу паказваць, што ім патрэбны ўсяго толькі сэкс — а ён будзе тым часам за фіранкай у якім-небудзь гатэлі ці прынамсі ў той жа каморцы ў мастакоў („А на сквоце нельга?“ „Нельга!!“) чакаць майго сыгналу, па якім зьявіцца перад маёй ахвярай ува ўсёй сваёй мужнасьці — пра рэшту ўжо паклапоціцца прырода. „А калі яна не захоча?“, захваляваўся Габрусь. „Яж не магу гвалтам, гэта ж ня жонка...“ „Захоча“, супакойваў я яго. „Даша ж захацела. I ніякага мне „гвалтам“! Не хапала, каб я яшчэ празь цябе ў турму трапіў. Ты дык і там не прападзеш — а вось я...“

Гэтак я з Габрусёвага найлепшага сябра зрабіўся — ну што ўжо грэх утойваць — яшчэ й ягоным сутэнэрам. Праўда, напачатку працаваць зь ім было зусім ня лёгка, бо ён упарта адмаўляўся браць з сваіх кліентак грошы: у кожную зь іх ён пад канец сэксуальнага акту быў ужо па вушы закаханы, як і яны ў яго. „Яна такі харошы чалавек“, жаліўся ён мне штораз, завязваючы скарыстаны прэзэрватыў (іх яму давялося-такі палюбіць паводле складзеных мною правілаў тэхбясьпекі), „ну такія цыцачкі, такая жопка — а я зь яе буду грошы браць? Што б пра мяне пасьля такога мая матуля падумала?“ Аднак голад не матуля: нават рамантык Габрусь, які фізычна ня мог успрымаць свой новы занятак як працу, мусіў пагадзіцца на сталую таксу. Урэшце, мы зь ім паступова спрацаваліся, як браты Броскія ў тым кіно — толькі няясна, хто з нас быў Фарынэлі: ці то я, ад іншамоўных трэляў якога млелі дамы, ці то Габрусь, у якога заўжды стаяў. Ведаю толькі, што разам мы ўтварылі такога кентаўра, дзе галавою быў я, а Габрусь — усім астатнім.

Ледзь наш кентаўр упрэгся й пачаў крыху зарабляць як людзі, як Габрусь падняў супраць мяне паўстаньне (верагодна, яго да гэтага падбухторылі чэскія анархісты, хто ж іншы). „Мне здаецца, ты мяне эксплюатуеш“, сказаў ён мне неяк (дагэтуль ён такога слова ня ведаў). „Не разумею, чаму гэта я плачу табе грошы, а ня ты — мне“. „Зразумей, Габрусь“, цярпліва тлумачыў яму я базавыя абстрактныя поймы, „эксплюатуе той, хто валодае сродкамі вытворчасьці. У нашым выпадку сродкам вытворчасьці валодаеш ты — дык якая можа быць эксплюатацыя? Усё па Марксу й па-хрысьціянску“. „Дык і я пра тое! Гэта як у нас было: пайшоў Касьцюк-Бязрукі, я табе пра яго ўжорасказваў, гэта той наш сусед, у якога яшчэ з вайны рукі не было, рыбу лавіць, вось толькі з бадунішча чарвякоў забыў накапаць — ёлуп рэдкасны! А побач сядзеў іншы ёлуп, Пятро Гаўнаед, я табе пра яго не расказваў, але не бяды — галоўнае, што ў гэтага рука была, дык вось яму шчупак зь першага закіду кручок адкусіў. Пятро пасядзеў-пасядзеў, пазакідваў вуду — бачыць, што без кручка гаўно ловіцца, то плюнуў, пакінуў сваіх чарвякоў Касьцюку, які з кручком, і пайшоў. А Касьцюк на тых чарвякоў да вечара кіляў пяць можа налавіў, ня памятаю ўжо дакладна, колькі. Толькі таго шчупака з Гаўнаедавым кручком нешта так і ня вылавіў — яны, шчупакі, заразы, хітрыя...“ „Добра, гэта ты ўсё да чаго?“ „А да таго, што абы быў кручок, а чарвяк знойдзецца! Па-мойму, кручком тут валодаю я! А ў Гаўнаеды я магу й каго іншага знайсьці!“

Як што Габрусь даў мне гэтым грубым спосабам зразумець, што я поўны нуль бяз палачкі-выручалачкі, якая належыць толькі яму (а ня ёсьць гонарам усяго беларускага народу, як даказваў я), то я пакрыўдзіўся й ад пасады ягонага сутэнэра адмовіўся, пасьля чаго мы некалькі дзён нават не віталіся. Але гэта не азначае, што я перастаў яго, кажучы ягонымі словамі, „эксплюатаваць“. Канфіскаваўшы калісьці куплены мною, а цяпер закінуты ім (ня мне, а наагул) адкідны блок, дзе Габрусь раней у вольныя часы рабіў замалёўкі й вёў, як кожны творца, шыфраваны дзёньнік, я рушыў да мастакоў. Няўрымсны хлапец з Харкава, які ведаў у Празе ўсіх і кожнага, на маю просьбу пазнаёміў мяне з тутэйшымі сюррэалістамі — пераважна старымі дзядамі, якія ў думках жылі яшчэ даваеннымі часамі сваёй маладосьці. Спрактыкаваным вокам сюррэалісты імгненна распазналі ў Габрусёвых краявідах, актах і нацюрмортах высокаклясны арт-брут і тут жа прапанавалі мне зладзіць выставу ягоных (натуральна, я сказаў, што нібыта маіх) малюнкаў. Я пагадзіўся ўмомант. Выстава з назвай „АРТаграфія БРУТальнасьці“ адкрылася на наступны ж тыдзень, але ня ў Цэнтры па правах чалавека, як хацеў я, а ў Цэнтры рэабілітацыі людзей з псыхічнымі цяжкасьцямі, і мела, трэба сказаць, шалёны посьпех: за адзін толькі вэрнісаж прадалася палова карцінаў і добрая траціна старонак зь дзёньніка, а з выручаных за гэта грошай я жыў яшчэ месяцы два. Гэтак я апроч сутэнэра міжволі стаў яшчэ й Габрусёвым антрэпрэнэрам, то бок тым са­мым агентам. Аднак, каб зрабіць Габрусю падлянку, я не падзяліўся зь ім ня толькі грашыма, але й нават навіной пра ягоную абсалютна нечаканую, хоць і кароткачасовую мастацкую славу — чаго да сёньня, прызнаюся, не магу сабе дараваць.

9.

Інтэлігенцыя звыклая лічыць сябе мозгам нацыі.

Ленін

У той незабыўны сакавіцкі дзень Габрусь уварваўся ў наш пакой, ледзь ня ўдырыўшыся галавой аб супрацьлеглую сьценку: „Усё! Больш за грошы ня трахаюся!“ (А ён безь мяне й так, скажу не бяз гонару, ня моцна за іх трахаўся). Я ўжо падумаў, што ён стаў імпатэнтам (а гэта было малаверагодна) ці падхапіў ад якой-небудзь немкі СНІД (хаця што такім асілкам духу, як ён, якісьці там СНІД), ды толькі цымус быў зусім у іншым: „Мне далі працу! Як мастаку!“ Нягледзячы на посьпех нашай зь ім выставы, я палічыў, што ён ад такой колькасьці сэксу ўжо зусім зьехаў з глузду, у найгоршым выпадку — таксама пазнаёміўся зь сюррэалістамі. Адылі не: ён выпадкова сустрэў у горадзе аднаго вядомага беларускага песьняра з радыё „Свабода“, які з нагоды чарговых угодкаў БНР запрасіў яго на могілкі. „Разумееш, там нашыя прэзыдэнты пахаваныя („От каб сапраўды так было“, падумаў я), а дваццаць пятага ўсе туды прыйдуць кветкі класьці!“ „Ну і?“ „Ну й магілы трэба прыбраць ды надпісы падмаляваць! А то яны ўжо з гадамі пабляклі. Вось мне гэта й даручылі, асабіста. Нават аванс упершыню ў жыцьці атрымаў! Хадзем, дапаможаш магілы знайсьці, а то з маёй арыентацыяй, ведаеш... “

Мы затарыліся чырвоным віном у пакетах, набылі за „аванс“ фарбы (залатую, белую, чырвоную), узялі калісьці купленыя (зноў-такі, за мае грошы) пэндзлі й паехалі на могілкі. Як я й прадчуваў, прыборку прэлага лісьця й птушынага лайна Габрусь даручыў мне, а сам, як прафэсіянал, заняўся падмалёўваньнем надпісаў і сьцяжкоў на помніках. „Заўжды марыў папрацаваць на карысьць Бацькаўшчыны“, прызнаўся ён мне ў перапынку між дзьвюма першымі літарамі, выціраючы пот (гэта ён, відаць, меў на ўвазе сваю мару пра беларускі „Плэйбой“). „Нездарма ж я на філфаку вучыўся“. „Што? Ты скончыў філфак?“ „А што я — не чалавек?“, абурыўся Габрусь. „Ну не, ты проста нічога не казаў... Я думаў, ты чыста з мастацкай вучэльні...“ „Ды не, як мастак я самавучка“. Нельга сказаць, каб я пра гэта не здагадваўся, але тут мяне ўзяло за жывое: „Раз самавучка, дык якім правам ты тады надпісы падмалёўваеш? Ану пайшоў сьмецьце прыбіраць!“ „Ну што ты так раскрычаўся? Я цябе хіба нечым пакрыўдзіў?“ „Не, не пакрыўдзіў“. „Ну, тады выбачай...“ Урэшце, менавіта тады на могілках, дзякуючы дыпляматычнаму пасярэдніцтву абодвух прэзыдэнтаў БНР, мы з Габрусём канчаткова памірыліся.

1 ... 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19
На этом сайте Вы можете читать книги онлайн бесплатно русская версия Упырхлікі - Макс Шчур.

Оставить комментарий