Читать интересную книгу Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78

Скрыпач раструшчыў цыгарэту доўгiмi кастлявымi пальцамi. Раптам мне зрабiлася шкада яго. Я прапанаваў яму запалiць. Ён адмовiўся.

- Мне трэба паберагчы сябе, - сказаў ён сваiм адрывiстым голасам. - А гэны, - хiхiкаючы, працягваў ён i паказаў на расейца, - смалiць па пяцьдзесят штук.

- Адзiн так робiць, другi - гэтак, - адказаў я.

- Хоць яна зараз i не хоча танцаваць са мной, але я яе ўсё ж дамагуся...

- Каго?

- Рыты. У нас былi добрыя адносiны. Мы разам iгралi. А потым з'явiўся расеец i звёў яе ад мяне сваiмi тырадамi. Але я вярну яе.

- Вам трэба будзе прыкласцi намаганнi, - сказаў я. Ён мне не падабаўся.

Ён зарагатаў, быццам авечка забляяла.

- Намаганнi! Вы - наiўны анёл! Мне трэба толькi пачакаць.

- Тады чакайце.

- Пяцьдзесят цыгарэт, - шаптаў ён. - Кожны дзень. Я ўчора бачыў яго рэнтгенаўскi здымак. Каверна на каверне. Гатоў. - Ён зноў засмяяўся. Спачатку ў нас было аднолькава. Нашы здымкi можна было пераблытаць. Цяпер пабачыць бы вам рознiцу! Я паправiўся на два фунты. Не, мой мiлы, мне трэба толькi чакаць i берагчы сябе. Я ўжо з радасцю чакаю наступнага здымка. Сястра мне iх паказвае заўсёды. Калi яго не будзе, я займу яго месца.

- Вось такi метад, - сказаў я.

- Вось такi метад, - як папугай, паўтарыў ён. - Адзiны метад, дзiцятка вы маё! Калi б я паспрабаваў супернiчаць з iм цяпер, я нашкодзiў бы сабе на потым. Не, дарагi навiчок, трэба зычлiва, спакойна чакаць.

Зрабiлася душна i цяжка дыхаць. Пат закашлялася. Я заўважыў, што яна са страхам зiрнула на мяне, i я зрабiў выгляд, што нiчога не чуў.

Бабуля, абвешаная жэмчугам, сядзела, цiха паглыбiўшыся ў сябе. Час ад часу яна рэзка рагатала. Потым зноў iмгненна супакойвалася i сядзела нерухома. Шкiлет сварылася з суседам. Расеец палiў цыгарэты адну за адной. Скрыпач даваў яму прыпалiць. Нейкая дзяўчына раптам сутаргава каўтнула, паднесла да рота хусцiнку, глянула на яе i збялела.

Я глянуў у залу. Там стаялi сталы спартсменаў, там - здаровых грамадзян, там сядзелi французы, ангельцы, галандцы, у мове якiх працяглыя склады напамiналi пра лугi i мора. А памiж iмi ўсiмi прымасцiлася за столiкам маленькая калонiя хваробы i смерцi - лiхаманкавая, прыгожая, закiнутая.

Лугi i мора... Я зiрнуў на Пат... Лугi i мора... пена i пясок i курганне... ах, падумаў я, мой каханы вузкi лобiк! Мае каханыя рукi! Любiмае жыццё, якое можна любiць, а ўратаваць - нельга.

Я ўстаў i выйшаў за дзверы. Мне зрабiлася горача ад горычы i бяссiлля. Я паволi пайшоў па дарозе. Мяне працiнаў халодны вецер, што дзьмуў з-за дамоў. Я сцiснуў кулакi i доўга ўзiраўся ў нерухомыя белыя горы, мяне гнялi дзiкая бездапаможнасць, злосць i боль.

Па вулiцы, бомкаючы шаргункамi, праехалi санi. Я пайшоў назад. Насустрач мне выйшла Пат.

- Дзе ты быў?

- На свежым паветры.

- У цябе дрэнны настрой?

- Ды не!

- Каханы, весялiся! Весялiся сёння! Дзеля мяне. Хто ведае, калi я выберуся зноў на баль.

- Выберашся, i не адзiн раз.

Яна прыхiлiла галаву да майго пляча.

- Калi ты кажаш, то так i будзе. Хадзем, патанцуем. Мы ўпершыню танцуем з табой.

Мы пайшлi танцаваць. Цёплае мяккае святло было лiтасцiвае, яно скрадвала ўсе ценi, якiя паклала на твары глыбокая ноч.

- Як ты адчуваеш сябе? - спытаў я.

- Добра, Робi.

- Якая ты прыгожая, Пат.

Яе вочы загарэлiся.

- Цудоўна, што ты мне так гаворыш.

Я адчуў шчакой дотык яе цёплых сухiх вуснаў.

...Калi мы вярнулiся ў санаторый, было ўжо позна.

- Толькi зiрнiце на яго выгляд, - захiхiкаў скрыпач i неўпрыкмет паказаў на расейца.

- У вас выгляд гэткi ж самы, - злосна сказаў я.

Ён разгублена глянуў на мяне.

- Ну пэўна, вы ж здаравiла! - з'едлiва сказаў ён.

Я падаў расейцу руку. Ён кiўнуў мне i пяшчотна падтрымаў маладую гiшпанку, калi яна падымалася па лесвiцы. У слабым святле начных лямп здавалася, што яго шырокая прыгорбленая спiна i худзенькiя плечы дзяўчыны нясуць наверх цяжар усяго свету. Дама-шкiлет цягнула па калiдоры свайго сябра, якi нешта верашчаў. Антонiа пажадаў нам добрай ночы. Было нешта прывiднае ў гэтым амаль нячутным развiтаннi, прамоўленым шэптам.

Пат здымала сукенку праз галаву. Яна стаяла нахiлiўшыся i цягнула за плечыкi. Парча парвалася. Пат пачала разглядаць тое месца.

- Мусiць, ужо пара прыйшла, - сказаў я.

- Нiчога, - сказала Пат. - Мне ўжо, пэўна, не спатрэбiцца.

Яна паволi склала сукенку i не павесiла яе ў шафу. Яна паклала яе ў чамадан. На яе твары раптам адбiлася стома.

- Зiрнi, што ў мяне ёсць, -хутка сказаў я i з кiшэнi палiто выцягнуў бутэльку шампанскага.

- Цяпер мы крыху пасвяткуем адны.

Я прынёс фужэры i налiў. Яна ўсмiхнулася i выпiла.

- За нас, Пат.

- Так, мой каханы, за наша цудоўнае жыццё.

Як нязвыкла было ўсё гэта: пакой, цiшыня i наша журбота. Цi не жыццё панавала за дзвярыма, бясконцае, з лясамi, рэкамi i моцным дыханнем, цвiтучае i неспакойнае? Цi не сакавiк абуджае ўжо зямлю?

- Ты застанешся са мной, Робi?

- Так, пойдзем у пасцель. Мы будзем так блiзка, як толькi могуць быць людзi. А фужэры паставiм на коўдру i будзем пiць.

Вiно. Залацiста-смуглявае цела. Чаканне. Бяссонне. Цiшыня i цiхiя хрыпы ў грудзях каханай.

XXVIII

Зноў стала вiльготна i ветрана. Парывiсты iмжысты цёплы вецер шалеў у далiне. Снег размяк. Са стрэх пацякло. Крывая тэмпературы пайшла ўверх. Пат мусiла ляжаць. Лекар прыходзiў праз кожныя дзве гадзiны. Яго твар рабiўся ўсё больш заклапочаны.

Аднойчы я палуднаваў, калi з'явiўся Антонiа i сеў каля мяне.

- Рыта памерла, - сказаў ён.

- Рыта? Вы пра расейца?

- Не, Рыта, гiшпанка.

- Гэта неверагодна, - сказаў я i адчуў, як кроў застыла ў жылах. Становiшча Рыты было менш пагрозлiвае, чым у Пат.

- Тут не такое магчыма, - адказаў меланхалiчна Антонiа. - Яна памерла сёння ранiцай. Да ўсяго яшчэ дадалося запаленне лёгкiх.

- Запаленне лёгкiх... гэта iншая справа, - сказаў я з палёгкай.

- Васемнаццаць гадоў. I такая цяжкая смерць.

- А расеец?

- А, не пытайцеся. Не можа паверыць, што яна мёртвая. Сцвярджае, што гэта летаргiчны сон. Сядзiць каля яе ложка, i нiхто не можа вывесцi яго з пакоя.

Антонiа пайшоў. Я глядзеў у акно. Рыта памерла. А я сядзеў i думаў: "Не Пат, не Пат..."

Праз шкляную перагародку я ў калiдоры ўбачыў скрыпача. Не паспеў я ўстаць, як ён быў каля мяне. Выгляд у яго быў жудасны.

- Вы палiце? - сказаў я, каб толькi нешта сказаць.

- Вядома! А чаму не? Цяпер? Зараз усё роўна!

Я пацiснуў плячыма.

- Вам, мусiць, смешна, дабрадзею? - пакпiў ён.

- Вы звар'яцелi, - сказаў я.

- Звар'яцеў? Ды не, я хiбiў. - Ён налёгся на стол i дыхнуў мне ў твар каньяком. - Я хiбiў. Яны мяне ўхандохалi. Усе свiннi. I вы таксама, вы дабрачынная свiння.

- Калi б вы не былi хворы, я выкiнуў бы вас у акно, - сказаў я.

- Хворы? Хворы? - як папугай, запаўтараў ён. - Я здаровы, амаль здаровы! Вось чаму я i прыйшоў! Цудоўны выпадак нечаканага зажыўлення. Цi не анекдот?

- Радуйцеся, - сказаў я. - Варта вам толькi выбрацца адсюль, як вы таксама забудзецеся пра ўсе вашы нягоды.

- Вось як, - адказаў ён. - Вы так думаеце? Якая ж у вас разумная галоўка, вы - прагматык. Няхай бог беражэ вашу сыценькую душу!

Ён пайшоў, хiстаючыся, але вярнуўся.

- Хадзем, пабудзем разам, вып'ем. Я заплачу. Не магу быць адзiн.

- Няма часу, - сказаў я. - Пашукайце сабе iншага.

Я падняўся да Пат. Яна ляжала, цяжка дыхаючы, падклаўшы пад плечы падушкi.

- Ты не хочаш пакатацца на лыжах? - спытала яна.

- Снег дрэнны. Паўсюды тае.

- Дык, можа, пагуляеш з Антонiа ў шахматы?

- Не, - сказаў я. - Хачу пабыць тут, з табой.

- Бедны Робi! - Яна паспрабавала варухнуць рукой. - Прынясi хоць выпiць сабе.

- Гэта я магу.

Я пайшоў у свой пакой i прынёс каньяку i чарку.

- Крыху вып'еш? Табе можна, ты ж ведаеш.

Яна зрабiла маленькi глыток, неўзабаве - яшчэ адзiн. Потым яна аддала чарку мне. Я далiў яе i выпiў.

- Табе нельга пiць з адной чаркi са мной, - сказала Пат.

- Вось яшчэ! - Я налiў яшчэ адну i кульнуў яе.

- Не рабi так, Робi. I табе нельга больш цалаваць мяне. Табе нельга быць са мной. Ты не павiнен захварэць.

- Я буду цалаваць цябе, i мне ўсё - абы-што, - адказаў я.

- Не, табе нельга. Табе нельга таксама больш спаць у маёй пасцелi.

- Добра, тады ты спi ў маёй.

- Кiнь гэта, Робi. Табе трэба доўга жыць яшчэ. Я хачу, каб ты быў здаровы, каб у цябе была жонка i дзецi.

Нейкi час яна ляжала цiха.

- Мне хацелася б мець ад цябе дзiця, Робi, - сказала яна i прыхiлiлася тварам да майго пляча. - Раней мне гэтага нiколi не хацелася. Не магла сабе нават уявiць. А цяпер я часта думаю пра гэта. Добра было б, каб ад мяне штосьцi засталося. Тады дзiця часам пазiрала б на цябе i ты прыпамiнаў бы мяне. Тады я зноў была б з табой.

- У нас яшчэ будзе дзiця, - сказаў я. - Калi ты паправiшся. Мне хочацца мець з табой дзiця, Пат. Але няхай гэта будзе дзяўчынка, мы назавём яе Пат.

Яна ўзяла ў мяне з рукi чарку i зрабiла глыток.

- Магчыма, так лепей, што ў нас няма дзяцей, каханы. Не трэба цябе абцяжарваць. Ты павiнен забыць мяне. А калi ты будзеш думаць пра мяне, няхай табе думаецца, як нам было добра, - i больш нiчога. Мы ўжо нiколi не зразумеем, што ўсё мiнулася. I не журыся.

1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 78
На этом сайте Вы можете читать книги онлайн бесплатно русская версия Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк.

Оставить комментарий