Читать интересную книгу Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке) - Жан Сартр

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 19

Маленькi рэвальвер панi Флёр'е ляжаў у левай шуфлядзе камода. Ёй падарыў яго муж у кастрычнiку 1914-га перад тым, як пайсцi на фронт. Люсьен узяў яго i доўга круцiў у руках: ён быў падобны да цацкi - залачоная руля, дзяржанне з мацiцовымi бляшкамi. Каб пераканаць людзей, што яны не iснуюць, разлiчваць на фiласофскi трактат немагчыма. Тут патрэбен учынак, i ўчынак сапраўды адчайны, якi мог бы развеяць усякую двухсэнсоўнасць i паказаць у яркiм святле рэальны нябыт гэтага свету. Гучны выбух, на дыване - маладое цела ў крывi, некалькi словаў, накрэмзаных на лiсточку паперы: "Я забiваю сябе, таму што не iсную. I вы, браты мае, вы таксама - нiшто!" Людзi прачытаюць у ранiшнiх газетах - i ўбачаць: "Падлетак адважыўся!" Усе будуць страшэнна збянтэжаныя, i кожны спытае ў сябе: "А я? Цi я iсную?" У гiсторыi ўжо вядомы - напрыклад, пасля публiкацыi "Вертэра" - падобныя эпiдэмii самазабойстваў: Люсьен падумаў, што французскае слова "martyr"* па-грэчаску азначае "сведка".

* Маrtyr (франц.) - пакутнiк.

Няхай ён быў занадта чуллiвы, каб зрабiцца начальнiкам, але не настолькi, каб з яго не выйшаў пакутнiк. Цяпер ён часта заходзiў у будуар сваёй мацi i разглядаў рэвальвер, нiбыта ўпадаючы ў агонiю. Часам ён нават закусваў залачоную рулю i моцна сцiскаў у пальцах дзяржанне. Але ўвогуле ён быў даволi вясёлы i думаў, што ўсе сапраўдныя начальнiкi адчувалi спакусу самазабойства. Напрыклад, Напалеон. Люсьен не хаваў ад сябе, што дайшоў да астатняй ступенi роспачы, але спадзяваўся, што выйдзе з гэтага крызiсу з загартаванай душой, i з цiкаўнасцю прачытаў "Мемарандум св. Елены". Тым не менш трэба было прыняць рашэнне: апошнi тэрмiн сваiм ваганням Люсьен прызначыў на 30 верасня. Днi, якiя наблiжалi яго да гэтае даты, былi неймаверна цяжкiя; безумоўна, пералом мусiў быць дабратворны, але патрабаваў ад Люсьена такога напружання волi, што часам ён пачынаў баяцца, што аднойчы не вытрывае i зламаецца, як шкляны. Ён ужо не адважваўся дакранацца да рэвальвера; ён толькi выцягваў шуфляду, трошкi падымаў матчыну камбiнацыю i доўга глядзеў на маленькага халоднага i настырнага монстра, што патанаў у ружовым ядвабе. На шчасце, шматлiкiя клопаты, звязаныя з пачаткам навучальнага года, адцягнулi яго ўвагу: бацькi паслалi яго ў лiцэй св. Луi, дзе ён мусiў вучыцца на падрыхтоўчых курсах у Цэнтральную школу. Ён хадзiў у прыгожай пiлотцы з чырвоным шляком i значком i спяваў:

Поршань рухае магутныя машыны,

Поршань рухае вагоны й цягнiкi...

Такое новае "поршневае" званне напаўняла Люсьена гордасцю; апроч таго, iх клас быў непадобны да iншых: у iм былi свае традыцыi, свой цырыманiял, i гэта была сiла. Напрыклад, быў такi звычай, калi за пятнаццаць хвiлiн да канца заняткаў па французскай мове чый-небудзь голас пытаўся: "Хто такi сiрар?" I ўсе глуха адказвалi: "Казёл!" На што той жа голас пытаўся зноў: "Хто такi агрон?" I ўсе адказвалi крыху гучней: "Казёл!"*

* Поршань, сiрар, агрон - мянушкi студэнтаў Вышэйшых навучальных устаноў, адпаведна: Цэнтральнай школы (цывiльная iнжынерыя), Школы Сэн-Сiра (вайсковая iнжынерыя) i Вышэйшай сельскагаспадарчай школы.

Тады пан Бэцюн, якi быў амаль сляпы i насiў чорныя акуляры, паварочваўся i стомлена прамаўляў: "Панове, прашу вас!" Колькi хвiлiн панавала поўная цiшыня, вучнi пераглядвалiся са змоўнiцкiмi ўсмешкамi, i потым хто-небудзь крычаў: "А хто такi поршань?" - i ўсе хорам гарлалi: "Гэта файны тып!" У падобныя моманты Люсьен адчуваў сябе як наэлектрызаваны. Кожны вечар ён падрабязна паведамляў бацькам пра падзеi дня, i калi казаў: "I тады ўвесь клас зарагатаў" цi: "Увесь клас вырашыў аб'явiць Мейрынезу байкот", - словы апальвалi яму рот, як глыток гарэлкi. Тым не менш першыя месяцы былi цяжкiя: Люсьен правалiўся на кантрольных па фiзiцы i матэматыцы, i прыяцелi ў яго, калi браць у асабiстым плане, былi ўвогуле не надта прыязныя: усе яны жылi на стыпендыю i ў большасцi сваёй былi зубрылы i несумленныя хлусы з благiмi манерамi.

- Сярод iх няма нiводнага, з кiм бы мне хацелася сябраваць, - прызнаўся Люсьен бацькам.

- Тыя, хто вучыцца на стыпендыю, - задуменна адказаў пан Флёр'е, складаюць пасля iнтэлектуальную элiту, але начальнiкi з iх выходзяць кепскiя, бо яны прапускаюць адзiн важны этап.

Пачуўшы пра "кепскiх начальнiкаў", Люсьен раптам адчуў, як яму непрыемна кальнула ў сэрцы, i наступнымi днямi ён зноў пачаў думаць пра самазабойства. Але запалу цяпер у яго было менш, чым на канiкулах.

У студзенi клас быў узбударажаны з'яўленнем новага вучня, якога звалi Берлiяк: ён хадзiў у зялёных цi бэзавых пiнжаках з закругленымi па апошняй модзе плячыма, у кашулях з кругленькiмi каўнерыкамi i штанах, якiя можна было пабачыць толькi на кравецкiх малюнках, - такiх вузкiх, што было незразумела, як ён iх надзяе. З самага пачатку ён вызначыўся як найгоршы па матэматыцы.

- А мне напляваць, - заявiў ён, - я лiтаратар i матэматыкай займаюся дзеля самазмярцвення.

Праз месяц ён пакарыў усiх: ён раздаваў кантрабандныя цыгарэты, паведамiў, што мае жанчын, i паказваў лiсты, якiя яны яму прысылалi. Увесь клас вырашыў, што гэта шыкоўны тып i што з яго не трэба смяяцца. Люсьена захаплялi Берлiякавы манеры i элегантнасць, але той ставiўся да Люсьена з пагардай i называў "багацейскiм сынком".

- Урэшце, - сказаў аднойчы Люсьен, - гэта лепш, чым каб я быў сынок бядняцкi.

- А ты, хлопча, i цынiк, - адказаў Берлiяк i назаўтра прынёс яму пачытаць адну сваю паэму:

"Штовечар Каруза лавiў сваiм ротам сырыя салёныя вочы, у астатнiм жа ён быў сцiплы, нiбыта вярблюд. А нейкая дама, зрабiўшы букет з вачэй сваiх крэўных, закiнула вочы на сцэну. Усе прыхiляюцца перад гэтым узорным учынкам. Але не забудзьце, што час яе славы прадоўжыўся трыццаць сем хвiлiн: ад першага "брава" i якраз да iмгнення, калi ў Оперы згасла вялiкая люстра (а потым ёй давялося на павадку весцi свайго аслеплага мужа, лаўрэата шматлiкiх турнiраў, i той замянiў баявымi крыжамi ружовыя дзiркi арбiт). Запомнiце ж вось што: усе тыя з нас, хто з'есць надта многа чалавечага мяса ў кансервах, - памруць ад цынгi".

- Выдатна, - разгублена прамовiў Люсьен.

- Я раблю iх па новай тэхнiцы, - абыякавым тонам сказаў Берлiяк, "аўтаматычнае напiсанне".

Праз некалькi дзён пасля гэтага ў Люсьена ўзнiкла жгучае жаданне памерцi, i ён вырашыў параiцца з Берлiякам.

- Што мне рабiць, - спытаў ён, выклаўшы ўсе абставiны.

Берлiяк слухаў вельмi ўважлiва; у яго была паскудная звычка абсмоктваць палец i мазаць слiнаю скулле на твары - так, што аблiчча нарэшце пачынала блiшчаць там i сям, як дарога пасля дажджу.

- Рабi як хочаш, - урэшце адказаў ён, - гэта не мае нiякага значэння, потым падумаў яшчэ i дадаў, нацiскаючы на кожнае слова: -Нiчога нiколi не мае нiякага значэння.

Люсьен быў крыху расчараваны, але зразумеў, што Берлiяк глыбока ўзрушаны, бо ў наступны чацвер той запрасiў яго павячэраць да сваёй мацi. Панi Берлiяк была вельмi ласкавая, на левай шчацэ ў яе было колькi бародавак i сiнiх радзiмак.

- Разумееш, - сказаў Берлiяк, - сапраўдныя ахвяры вайны - гэта мы.

Люсьен падзяляў яго думку, i яны пагадзiлiся, што належаць да пакутнiцкага пакалення. Дзень пагасаў, Берлiяк, падаткнуўшы пад голаў скрыжаваныя рукi, ляжаў на канапе. Яны палiлi ангельскiя цыгарэты i круцiлi на грамафоне пласцiнкi. Люсьен пачуў песнi Софi Такер i Ола Джонсана. Iх агарнула мяккая меланхолiя, i Люсьен падумаў, што Берлiяк яго найлепшы сябар. Раптам Берлiяк спытаў, цi ведае ён штось пра псiхааналiз, голас у яго гучаў вельмi сур'ёзна, i ў поглядзе адчувалася важнасць.

- Пакуль мне не споўнiлася пятнаццаць, я жадаў сваю мацi.

Люсьен адчуў сябе нiякавата; ён баяўся пачырванець, i яму чамусьцi прыгадалiся бародаўкi на твары ў панi Берлiяк; ён нiяк не мог зразумець, як можна было яе пажадаць. Але калi яна прынесла iм бутэрброды, Люсьен быў цьмяна ўсхваляваны i паспрабаваў уявiць пад жоўтым швэдарам яе грудзi. Калi яна выйшла, Берлiяк прамовiў сцвярджальным голасам:

- Табе, натуральна, таксама хацелася пераспаць са сваёй мацi.

Ён не пытаўся, ён канстатаваў. Люсьен пацiснуў плячыма i буркнуў:

- Натуральна.

Назаўтра яму пачувалася неспакойна - ён баяўся, каб Берлiяк не пачаў зноў гэтай размовы. Але ўрэшце яму ўдалося сябе супакоiць. "Як бы там нi было, падумаў ён, - Берлiяк скампраметаваў сябе болей, чым я". Яго вельмi вабiла тая навуковасць, якую набылi цяпер iх адносiны. У наступны чацвер ён пайшоў у бiблiятэку св. Жэнеўевы i прачытаў працу Фрэйда пра сон. Гэта было сапраўднае адкрыццё. "Дык, значыць, вось яно што, - паўтараў сам сабе Люсьен, ходзячы наманы па вулiцах, - вось, значыць, што". Ён купiў "Уводзiны ў псiхааналiз" i "Псiхапаталогiю паўсядзённага жыцця", i яму ўсё зрабiлася ясна. Гэтае дзiўнае ўражанне, што ён не iснуе, i гэтая пустата, што так доўга трывала ў яго свядомасцi, яго вечная санлiвасць, i яго няўпэўненасць, i бясплённыя намаганнi пазнаць сябе, якiя нязменна натыкалiся на заслону туману... "Д'ябал, - падумаў ён, - у мяне ж комплекс". Ён расказаў Берлiяку, што ў дзяцiнстве ўяўляў сябе самнамбулам i што рэчы заўсёды здавалiся яму не зусiм рэальнымi.

- Напэўна, - вырашыў ён, - у мяне комплекс дамашняй замкнёнасцi.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 19
На этом сайте Вы можете читать книги онлайн бесплатно русская версия Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке) - Жан Сартр.

Оставить комментарий