Читать интересную книгу Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 78

- Гэта немагчыма. Шмат паваротаў, ноч.

- Паглядзiм, - сказаў я.

- Ва ўсякiм разе... добра, што ён прыедзе.

Я не мог больш трываць. Я выйшаў на вулiцу. Наваколле зацягнулася туманам. Удалечынi шумела мора. З дрэваў капала. Я азiрнуўся. Я ўжо быў не адзiнокi. За гарызонтам на поўдзень роў матор. За туманамi па блiскучых дарогах iмчала дапамога, фары плявалi святлом, шыны свiсталi, дзве рукi сталёва трымалi руль, пара вачэй свiдравала змрок, холадна, упэўнена: вочы майго сябра...

Пазней Жафэ мне расказаў, як яны ехалi. Кёстэр адразу пасля майго званка тэлефанаваў Ленцу, каб той быў напагатове. Потым ён забраў "Карла", i яны з Ленцам паiмчалiся ў клiнiку Жафэ. Сястра выказала меркаванне, што прафесар пайшоў вячэраць. Кёстэр пачуў ад яе шэраг назваў рэстаранаў, дзе ён мог быць цяпер. Кёстэр паехаў. Ён парушаў правiлы руху, ён не звяртаў увагi на перапуджаных палiцэйскiх. Ён гнаў машыну, як стаеннiка, па запруджанай вулiцы. У чацвёртым рэстаране ён знайшоў прафесара. Жафэ адразу зразумеў, пра каго iдзе гаворка. Ён пакiнуў яду i пайшоў з iм. Яны паехалi да прафесара на кватэру, каб узяць неабходныя рэчы. Гэта быў адзiны ўчастак, дзе Кёстэр ехаў хоць i хутка, але не парушаючы правiлаў. Ён не хацеў без пары пужаць доктара. Па дарозе Жафэ спытаў, дзе ляжыць Пат. Кёстэр назваў месца на адлегласцi сарака кiламетраў. Трэба было, каб прафесар сеў у машыну. Усё астатняе потым пойдзе само сабой. Пакуль Жафэ пакаваў сваю сумку, ён тлумачыў Ленцу, што трэба сказаць па талефоне. Потым ён сеў да Кёстэра ў машыну.

- Гэта небяспечна? - спытаў Кёстэр.

- Так, - сказаў Жафэ.

У гэты момант "Карл" ператварыўся ў белую здань. Ён зрабiў рывок i паiмчаў. Ён працiскаўся памiж машын, ён iмчаў супроць усiх па вулiцах з аднабаковым рухам, ён шукаў самы кароткi шлях з горада.

- Вы звар'яцелi? - закрычаў прафесар.

Кёстэр абмiнуў высокi бампер аўтобуса, на момант збавiў газ. Потым матор зноў зароў.

- Едзьце павольней, - крычаў лекар. - Якая карысць трапiць у аварыю?

- Не трапiм.

- Пры такой яздзе - праз дзве хвiлiны.

Кёстэр кiнуў машыну ўлева, аб'язджаючы трамвай.

- Мы не трапiм у аварыю. - Цяпер перад iм была шаша. Ён зiрнуў на лекара. - Я сам ведаю, што вы нам патрэбны жывы. Даверцеся мне... я паеду, як ехаў.

- Але якая карысць ад гэтай гонкi! Вы выйграеце некалькi хвiлiн.

- Не, - сказаў Кёстэр, ухiляючыся ад сутыкнення з грузавiком, нагружаным каменнем. - Нам трэба праехаць яшчэ дзвесце сорак кiламетраў.

- Што?

- Праўда... - Машына прабiралася памiж паштовым аўтамабiлем i аўтобусам. Я проста не хацеў гаварыць вам раней.

- Гэта было б усё роўна, - прабурчаў Жафэ. - Мая дапамога не залежыць ад адлегласцi. Едзьце на вакзал. Па чыгунцы мы дабяромся хутчэй.

- Не, - Кёстэр выбраўся ў прыгарад. Вецер зрываў у яго словы з вуснаў. - Я ўжо ведаю... цягнiк спазняецца... - Ён яшчэ раз зiрнуў на Жафэ, i лекар, вiдаць, нешта заўважыў у яго твары.

- Божа, - прамармытаў ён. - Ваша сяброўка?

Кёстэр пахiтаў галавой. Ён ужо не адказваў. Мiнулi дачны пасёлак. Кёстэр выехаў на роўную дарогу. Цяпер машына iмчала на поўнай хуткасцi. Лекар скурчыўся за вузкiм ветравым шклом. Кёстэр падаў яму свой скураны шлем. Бесперапынна гудзела сiрэна. Лясы вярталi яе рык назад. Толькi ў вёсках, калi ўжо iнакш нельга было, Кёстэр збаўляў хуткасць. На машыне не было глушыцеля. Грамавым рэхам аддаваўся гул матора памiж сценамi дамоў, якiя змыкалiся за iм i ляскаталi, як палатно пад ветрам. "Карл" праносiўся мiж iмi, асвятляючы iх на iмгненне бледным святлом фараў, i зноў угрызаўся ў ноч iкламi промняў.

Колы рыпелi, шыпелi, вылi, свiсталi - матор выдаваў цяпер усю моц, якую меў. Кёстэр нахiлiўся над рулём, яго цела ператварылася ў вялiзнае вуха, у фiльтр, якi прасейваў гул i свiст на зразумелыя яму шумы i якi гатовы быў вылавiць самы нязначны пабочны шум, любы падазроны скрып цi шоргат, што пагражалi аварыяй i смерцю. Шаша стала мокрай. На глiнiстай дарозе машына вiхляла i падскоквала. Кёстэру давялося знiзiць хуткасць. Павароты патрабавалi яшчэ большага напружання. Кёстэр кiраваў ужо не так з дапамогай розуму, як iнстынкту. Фары высвечвалi павароты толькi напалову. У той момант, калi машына паварочвала, дарогi вiдаць не было. Пражэктар-шукальнiк не дапамагаў, прамень быў занадта тонкi. Лекар маўчаў. Раптам паветра перад фарамi завiхрылася, яно афарбавалася ў бледна-серабрысты колер, з'явiлiся стракатыя клубы. Гэта быў адзiны момант, калi Жафэ пачуў лаянку Кёстэра. Праз хвiлiну яны былi ў густым тумане.

Кёстэр пераключыў фары на малое святло. Яны плылi ў ваце, мiма праносiлiся ценi, дрэвы, невыразныя сiлуэты ў малочным моры, шашы больш не было, толькi выпадак i прыблiзнасць, плямы, якiя вырасталi i знiкалi ў рыку матора.

Калi яны праз дзесяць хвiлiн выбралiся з машыны, твар Кёстэра выглядаў запалым. Ён зiрнуў на Жафэ i штосьцi прамармытаў. Потым ён даў поўны газ... насуплены, халодны i зноў упэўнены ў сабе.

У пакоi панавала лiпкая цеплыня, гнятучая, як свiнец.

- Не перастае? - спытаўся я.

- Не, - адказаў лекар.

Пат зiрнула на мяне. Я паспрабаваў усмiхнуцца ёй. Атрымалася грымаса.

- Яшчэ паўгадзiны, - сказаў я.

Лекар ускiнуў позiрк на мяне.

- Яшчэ паўтары гадзiны, калi не дзве. Iдзе дождж.

Кроплi з цiхiм шоргатам падалi на лiсце i кусты ў садзе. Аслеплымi вачыма я ўзiраўся ў цемру. Колькi часу прайшло, як мы ўставалi ўначы i масцiлiся памiж ляўкоямi i рэзедой i Пат напявала дзiцячыя песенькi? Цi даўно тое было, калi дарога блiшчала ў белым сонечным святле i Пат бегла памiж кустоў, падобная да гнуткага звярка?

Я соты раз выйшаў за дзверы. Гэта не мела сэнсу, я ведаў. Але так скарачалася чаканне. Паветра было туманнае. Я вылаяўся: я ведаў, што гэта азначае для Кёстэра. У душнай начы закрычала птушка.

- Заткнiся, - прабурчаў я. На ўспамiн прыйшлi расказы пра птушак вестуноў смерцi.

- Глупства! - сказаў я гучна, i ўсё роўна па спiне пабеглi мурашкi. Недзе гудзеў хрушч... але не наблiжаўся... не наблiжаўся. Ён гудзеў аднастайна цiха; а вось перастаў... цяпер зноў пачуўся... гэта быў не жук, гэта быў далёкi гул матора, якi на высокай хуткасцi браў павароты. Я стаяў нерухома, я затрымаў дыханне, каб лепш чуць: зноў... зноў аддаленае тонкае гудзенне, як гудзiць злосная аса. А цяпер мацней, я ўжо выразна разбiраў гук кампрэсара. Тут гарызонт, якi быў так напяты, што здавалася, разарвецца, абрынуўся ў мяккую бесконцасць, ён пахаваў пад сабой ноч, страх, жахлiвасць... Я ўскочыў у пакой i, трымаючыся за дзверы, сказаў:

- Яны едуць! Доктар, Пат, яны едуць. Я ўжо чую.

Лекар увесь вечар лiчыў мяне крыху ненармальным. Ён устаў i таксама прыслухаўся.

- Гэта, пэўна, iншая машына, - сказаў ён нарэшце.

- Не, я пазнаю матор.

Ён раздражнёна паглядзеў на мяне. Ён, здавалася, лiчыў сябе спецыялiстам па аўтамашынах. З Пат ён абыходзiўся цярплiва i асцярожна, як мацi з дзiцем. Але варта мне было запнуцца пра машыны, як ён зыркаў на мяне праз акуляры i пярэчыў.

- Немагчыма, - коратка сказаў ён i вярнуўся ў пакой.

Я застаўся ў двары. Мяне калацiла ад хвалявання.

- "Карл"! "Карл"! - выгукнуў я.

Цяпер матор то прыцiхаў, то ўзвываў; машына, вiдаць, была ўжо ў вёсцы i на шалёнай хуткасцi iмчала мiж дамоў. Вось i выццё аслабла, машына была за лесам... i вось гул зноў набраў сiлы, iмклiвы, нястрымны, светлы прамень прабiваў туман, фары, грымоты, гуд... Разгублены лекар стаяў каля мяне, раптам нас асляпiла блiзкае святло... i рыпнулi тармазы, i машына спынiлася перад садовай брамкай. Я пабег туды. Прафесар вылазiў з машыны. Ён не звярнуў на мяне ўвагi, пайшоў да лекара. За iм выйшаў Кёстэр.

- Як яна? - сказаў ён.

- Кроў iдзе.

- Здараецца, - сказаў ён. - Пакуль што няма чаго баяцца.

Я моўчкi глянуў на яго.

- Ёсць запалiць? - спытаў ён.

Я даў яму цыгарэту.

- Добра, што ты прыехаў, Ота.

Ён рабiў глыбокiя зацяжкi.

- Падумаў, што так будзе лепей.

- Ты вельмi хутка ехаў.

- Нармальна. Быў крыху туман.

Мы прыселi побач на лаўку. Чакалi.

- Ты думаеш, што яна паправiцца? - спытаў я.

- Вядома. Кравацеча... гэта нiчога.

- Яна мне нiколi пра гэта не гаварыла.

Кёстэр кiўнуў галавой.

- Яна павiнна паправiцца, Ота, - сказаў я.

Ён не глядзеў на мяне.

- Дай мне яшчэ адну цыгарэту, - сказаў ён. - Я забыўся ўзяць свае.

- Яна павiнна паправiцца, - сказаў я, - iнакш усё астатняе - дрэнь.

Выйшаў прафесар. Я ўстаў.

- Будзь я пракляты, калi яшчэ раз паеду з вамi, - сказаў ён Кёстэру.

- Прабачце, - сказаў Кёстэр. - Гэта жонка майго сябра.

- Вось як, - сказаў Жафэ i зiрнуў на мяне.

- Яна паправiцца? - спытаў я.

Ён уважлiва разглядваў мяне. Я пазiраў убок.

- Вы думаеце, я стаяў бы тут з вамi так доўга, калi б думаў, што яна не паправiцца? - сказаў ён.

Я сцiснуў зубы. Я да болю сплёў пальцы. Я заплакаў.

- Прабачце, - сказаў я, - занадта хутка ўсё адбылося.

- Такiя справы не адбываюцца занадта хутка, - сказаў Жафэ i ўсмiхнуўся.

- Не злуйся, Ота, - сказаў я, - што я заплакаў.

Ён падштурхнуў мяне, павярнуўшы да дзвярэй.

- Iдзi туды. Калi прафесар дазволiць.

- Больш не буду, - сказаў я. - Можна пайсцi?

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 78
На этом сайте Вы можете читать книги онлайн бесплатно русская версия Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк.

Оставить комментарий