Читать интересную книгу Крылы - Валерыя Саротнік

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3

Вадзім Колкі, журналіст мясцовай газеты «Вячэрні Ў» марыў пра славу і кубак гарбаты — у каморцы, якую займала газета, было, як заўсёды, холадна.

Нават крылы, што ў яго з’явіліся, як і ва ўсіх жыхароў горада Ў, не ратавалі ад холаду і прафесійнай невядомасці. Вось гэты хлопец, Алег. Што ўвогуле ён зрабіў? Палятаў над горадам колькі разоў — і ўсё, увесь свет пра яго ведае. Ён, Вадзім Колкі, мог бы таксама палётаць і напісаць рэпартаж. Але гэта будзе ўжо не так востра і актуальна, як магло быць, калі б ён аказаўся першым у гэтай справе.

Шчыра кажучы, Вадзім Колкі ніколі не быў таленавітым журналістам. Усё, што дапамагала яму трымацца ў газете, дык гэта скандалы і даследаванні, многія з якіх амаль не мелі сэнсу, але рабілі многа шуму. Вось і цяпер, адчуваючы пагрозу «вылету» з газеты — галоўны рэдактар ужо некалькі разоў намякаў на гэта — Вадзім апантана шукаў, за што зачапіцца каб утрымацца ў рэдакцыі.

А раніцай у нядзелю зачапіцца ўжо амаль было за што.

Вадзім Колкі выйшаў на вуліцу ў нядзелю так рана толькі з-за сваёй таксы, што настойліва скуголіла ля дзвярэй і спрабавала куснуць яго за левае крыло. А на вуліцы ён нечакана сутыкнуўся з міліцыяй і машынай «хуткай дапамогі».

— Што там здарылася? — спытаў ён маладога міліцыянера з белымі, чыстымі крыламі за спінай.

Той развёў рукамі.

— Вучоны адзін, ці ўрач — хто яго ведае, са слоў тых, хто бачыў — спрабаваў лётаць, як той дзівак, што з вежы сігануў колькі дзён таму, чулі?

— Так. І што ён?

— Той хлопец — нічога. Жывы, цэлы, арол, як кажуць. А гэты, — міліцыянер махнуў рукой. — Вось ён спрабаваў лётаць, і нават падняцца змог. А потым нешта здарылася. Ну, ён і каменем уніз. І ўсё.

Вадзім паківаў галавой і асцярожна прыблізіўся да чырвона-белай стужкі, якой агарадзілі месца няўдалага прызямлення недарэкі. Вакол мітусіліся крылатыя эксперты, з-пад белай прасціны, якой прыкрылі цела, неахайна тырчэлі брудныя фіялетавыя крылы. Вадзім уздыхнуў, адцягнуў свайго цікаўнага сабаку і пайшоў дадому.

А дома яго нібы асяніла.

Алег ішоў на працу з радасцю. Ён любіў сваю працу, што рэдка здараецца ў нашы дні, асабліва, калі ты настаўнік і працуеш у школе. Але ў гэтай радасці была яшчэ адна прычына — з гэтай самай «прычынай» яны вечарам збіраліся ў кіно на адну зорную сагу. Таня, як і ён, любіла розныя гісторыі «пра космас, зоры і бясстрашных даследавальнікаў», як яны называлі іх паміж сабой. Алег у думках ужо быў часткова там, з Таняй, і радаваўся ёй больш, чым фільму. Ды ўвогуле — што там фільм, няхай хоць пра хамякоў будзе, ён пайшоў бы ўсё роўна. Бо там будзе Яна. Дагэтуль Алег яшчэ ні разу не кахаў — здараецца і такое — і зараз не зусім разумеў, што з ім рабілася, але быў не супраць.

Алег не заўважыў, праходзячы каля настаўніцкай, як дзіўна глядзіць на яго лепшы і любімы 7 «Б». Не звярнуў увагі ён і на касыя погляды завучаў. І толькі пасля другога ўрока яго паклікаў да сябе дырэктар. Ён дазволіў хлоп­цу сесці, разгарнуў на стале свежы экзэмпляр газеты «Вячэрні Ў» і моўчкі паказаў Алегу артыкул, падпісаны В. Колкім, на першай паласе. Назва проста крычала:

«СМЕРЦЬ ІКАРА: ЦІ НЕ НАРОДЖАНЫ МЫ ПОЎЗАЦЬ?»

Пад назвай у траўрнай рамцы было фота Анатоля Сцяпанавіча Грыбочка. Алег хутка прабег вачыма артыкул — там сцвярджалася, што палёты, нават з такімі крыламі, немагчымыя, што гэта даказалі вучоныя (і нават быў прыведзены спіс з імёнамі і прозвішчамі). А таксама артыкул называў палёт «усім вядомага Алега Іванова» «небяспечнай містыфікацыяй», якую ён спланаваў разам з невядомай маладой асобай (тут памяшчалася размытае фота, на якім Алег, нягледзячы ні на што, пазнаў Таню), ад якой пацярпеў «вядомы вучоны і ўрач А. С. Грыбочак». Далей на паўстаронкі разгортвалася біяграфія Анатоля Сцяпанавіча (самая доўгая, якую толькі можна было знайсці), і многа разважванняў пра палёт Алега, і пра тое, ці ёсць «аб’ектыўныя факты» таго, што палёт быў. Апошні абзац артыкула горача заклікаў разабрацца ў тым, што на самай справе здарылася ў горадзе Ў і не спадзявацца на дзівосы, бо людзі не народжаныя лётаць.

Алег, ледзь не трацячы прытомнасць, адклаў газету і паглядзеў на дырэктара. Той сказаў:

— І як вы гэта ўсё растлумачыце?

— Але. — з цяжкасцю прагаварыў Алег. — Але ж я лётаў.

— Я таксама пра гэта чуў, — уздыхнуў дырэктар. — А факты дзе?

— Але мяне здымалі. — пачаў Алег. Дырэктар не даў яму дагаварыць.

— Увогуле, які прыклад вы падаяце дзецям?! Мне пасля вось гэтага, — ён тыцнуў пальцам у газету, — ужо званілі, і многа разоў. Маці Лёшы Ткача ўчора злавіла яго на балконе — лётаць сабраўся, на вас гледзячы. А бацькі Юлі Афанасенкі! Яны яе ў пакоі зачынілі, яна ледзь не кінулася з даху.

Алег слухаў, але гукі даляталі да яго як з-пад вады. На хвіліну апрытомнеўшы, ён толькі пачуў:

— Хопіць. Заняткаў у вас сёння больш не будзе. Заўтра таксама можаце не прыходзіць.

Алег выйшаў са школы і адразу апынуўся ў коле журналістаў, міліцыі і вучоных. Пяць камер і з добры дзясятак мікрафонаў адразу нацэліліся на яго:

— Як вы пракаменціруеце артыкул?

— Як вы спланавалі гэтую акцыю? Што вы скажаце наконт смерці вучонага?

— Якія былі вашы матывы? Чаго вы хацелі гэтым дасягнуць?

— Хто гэтая таямнічая жанчына, у якіх вы з ёй адносінах?

Міліцыя — дзякуй ёй — моўчкі і панура намагалася адштурхнуць прэсу ад Алега, але — ён зразумеў — не дзеля таго, каб абараніць. Дзесьці за натоўпам чакала машына «хуткай дапамогі», побач з ёй — тыя, хто таксама быў не супраць прыхапіць Алега да сябе.

Таня даведалася пра ўсё па тэлевізары. Яе дзень таксама пачаўся з радасці і цёплых думак — але трэба ж было ўключыць тэлевізар, каб даведацца, якое заўтра будзе надвор’е. Праз хвіліну рэпартажа з плошчы, дзе Алега ўжо схапілі і запіхнулі ў белую кашулю з завязанымі рукавамі, яна спрытна накінула паліто і пабегла да яго, нават не зачыніўшы дзверы кватэры. Добра, думалася ёй, — плошча недалёка. Галоўнае — дабегчы, а што будзе потым, ёй чамусьці было ўсё роўна.

Алега цягнулі да «хуткай дапамогі», калі ён убачыў Таню. Яна стаяла пасярод плошчы і глядзела на яго. Журналісты кінуліся да яе — як яны даведаліся, было ўжо ўсё роўна. Алег і Таня паглядзелі адно на аднаго. Алег ірвануўся — кашуля трэснула на ім, вызваляючы крылы. Таня скінула паліто.

Яны ўзляцелі разам, з месца, на вачах усіх.

Яны падымаліся ўсё вышэй і вышэй.

Кажуць, потым іх болей не бачылі... Яны зніклі, два яркія промні сярод аблокаў — сіняе і чырвонае.

А на наступны дзень крылы зніклі ва ўсіх — рассыпаліся жменямі пер’я, нават следу не засталося на спінах. Замежныя вучоныя сабралі дадзеныя і з’ехалі з горада Ў, следам за імі падалася прэса. Апошнімі былі ваенныя, што да гэтага акружылі горад. І горад Ў зажыў сваім, спакойным, пераднавагоднім жыццём.

Журналіст Вадзім Колкі пакаваў рэчы — ён збіраўся ў сталіцу, паспрабаваць шчасця там — скандальны артыкул не дапамог яму затрымацца ў газеце. Мэр Міхаіл Міхайлавіч з палёгкай зашмагнуў шторку, за якой хавалася сакрэтная дзверца. У горада Ў з’явіўся новы галоўны ўрач. Усё стала, як заўсёды. Вось толькі цяпер снег пайшоў — белы-белы, ён падаў буйнымі, важкімі шматкамі, падобнымі на птушынае пер’е.

1 2 3
На этом сайте Вы можете читать книги онлайн бесплатно русская версия Крылы - Валерыя Саротнік.

Оставить комментарий