Читать интересную книгу Крылы - Валерыя Саротнік

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3

Анатоль Сцяпанавіч хадзіў па кабінеце, абхапіўшы рукамі галаву, нібы яна магла раскалоцца ад думак, якія ў ёй калаціліся. Адукацыя, веды і жыццёвы вопыт падказвалі яму — усё, што з’яўляецца, з’яўляецца не проста так.

Анатоль Сцяпанавіч Грыбочак не верыў ні ў што і ні ў каго. Мабыць, акрамя законаў прыроды і эвалюцыі (нават такой хуткай і нечаканай) — а гэта значыла, што ў крылаў павінна быць нейкая функцыя. Слова, якое так і «танцавала» на языку — «лётаць». Але як лётаць, калі ні косці, ні будова цела, ні нават гравітацыя не дадуць гэтага зрабіць?..

Ён не мог уявіць сабе, што такая ж думка прыйшла ў той жа момант у галаву настаўніка матэматыкі Алега. Алег не захапляўся біялогіяй і больш за ўсё верыў лічбам. І падлічыў ужо, што яго гіпотэза на 50 працэнтаў магла быць памылковай, а на 50 магла спраўдзіцца. І зараз, падпарадкоўваючыся чыста навуковай цікаўнасці папалам з нейкім унутраным поклічам, падымаўся на самы верх тэлевежы горада Ў.

Знізу пачуліся крыкі — людзі ўбачылі яго, і, напэўна, ужо выклікалі, як мінімум, міліцыю. Алег усміхнуўся сабе. Паглядзеў у неба. Скінуў паліто. Раскінуў крылы — яны падаліся яму нават большымі, чым калі ён быў дома. Пер’е пералівалася нават без сонца, вецер нібы дражніўся. Алег зрабіў крок і паляцеў. Шмат людзей бачылі яго тады, акрамя Анатоля Сцяпанавіча Грыбочка, які амаль прыліп да акна кабінета. Цяжка сказаць, што Алег адчуваў у той момант — а можа, увогуле, не адчуваў нічога. Але палёт яму хутчэй спадабаўся, чым не. Людзі ўнізе маўчалі. Міліцыя з аднолькавымі сінімі камуфляжнымі крыламі таксама маўчала, а яе начальнік нават апусціў рупар, у які збіраўся ўгаворваць хлопца не канчаць жыццё самагубствам. Алег забыўся на сваю гіпотэзу і проста ляцеў. Ён зрабіў круг над горадам і прызямліўся, не без праблем, праўда — першы ж раз — у парку горада Ў, на кучу гнілога лісця. Ён не паспеў нават скінуць гэта лісце з сябе, а здалёк да яго ўжо беглі журналісты, міліцыя, урачы і проста людзі — многія са смартфонамі, на якія здымалі палёт.

Так сціплы настаўнік матэматыкі Алег за адзін дзень ператварыўся ў амаль сусветную знакамітасць.

Праз суткі яго зноў аглядалі, аналізавалі, сканіравалі. Алег сядзеў на бальнічным ложку, увесь у правадках і датчыках, і стомлена даваў прэс-канферэнцыю адразу трыццаці каналам з усяго свету. Не сказаць, каб яму гэта падабалася — ён не ўмеў прыгожа гаварыць на камеру, а яшчэ вельмі не любіў мітусні, асабліва вакол сябе.

— Дык вы сцвярждаеце, што чалавек можа лётаць? — з моцным акцэнтам пытаўся журналіст з плашкай амерыканскага тэлеканала на мікрафоне.

Алег уздыхаў:

— Я нічога не сцвярджаю. Я проста паспрабаваў і ўсё.

— А што вы плануеце рабіць далей? — падхоплівала журналістка з «французскай» плашкай.

— З чым? — шчыра здзівіўся Алег.

— З вашымі крыламі.

Алег не адказаў. Ён зразумеў раптам, што зусім не ўяўляў сабе, што будзе далей. Так ён і сказаў журналісцы.

— А як вы дяглядаеце свае крылы?

— А што вы думаеце пра Сусветны фінансавы крызіс? А пра праблему ўсынаўлення дзяцей аднаполымі парамі?

— А якую марку гадзіннікаў вы выбіраеце?

Прадаўшчыца Таня другі дзень бяздумна хадзіла па горадзе. А што яшчэ рабіць, думала яна, калі не зразумела, што далей? Яна ўвогуле любіла вось гэтак хадзіць па горадзе і разважаць пра розныя рэчы, падбіраючы ў галаве прыгожыя словы — мабыць, з яе атрымалася б пісьменніца, але, ізноў, Таня лічыла сябе зусім бяздарнай.

«Мабыць, я натраплю на што-небудзь, на нейкі сэнс жыцця — хто ведае? Уся гэтая гісторыя з крыламі. Яна ўжо не столькі страшная, колькі дзіўная, і хочацца радасна бегчы да гэтага «дзіўнага», разглядаць яго, памацаць і зразумець. Яна нясе прадчуванне нечага новага, але і адначасова трывожнага, а яшчэ...»

Таня не паспела прыдумаць, што «яшчэ», бо сутыкнулася нос да носу з хлопцам, якога не заўважыла і ў якога ўрэзалася так, што яны абое паваліліся на зямлю.

— Глядзіце, куды ідзеце! — у адзін голас абурыліся ён і яна, і не без цяжкасцей падняліся на ногі. Хлопец абтрос адзежу, сінія з залатым крылы і, пануры, ужо збіраўся ісці далей, але Таня раптам пазнала яго.

— Пачакайце! — яна злавіла яго за рукаў. — Вы, вы — Алег! Той чалавек з навін, вы ўмееце лётаць?

Алег памкнуўся кінуцца прэч, але прыпыніўся, выдыхнуў:

— Калі ласка, скажыце, што вы не журналіст, не ўрач і не з міліцыі.

Алег толькі-толькі змог уцячы ад журналістаў і даследчыкаў і зусім не

гарэў жаданнем пачынаць усё наноў.

— Што вы, што вы! — адмахнулася Таня. — Я зусім не.

Аднекуль здалёк, з другога канца алеі, па якой гуляла Таня, пачуліся крокі і галасы.

— Г эта па мяне, — Алег спалохана паглядзеў у той бок.

Таня насупілася на хвіліну, а потым штурхнула Алега за лаўку ля кустоў, села на яе і на ўсялякі выпадак раскрыла свае крылы.

— Сядзіце ціха, я вас не здам, — прашаптала яна да таго, як да яе падышоў бліжэй немалады чалавек у белым халаце, ён быў на чале натоўпу з журналістаў і вучоных, кінуўся да яе:

— Дзе ён?!

Таня асцярожна наступіла на сіняе пёрка, што засталося на зямлі ля лаўкі, і паглядзела на чалавека пранікнёна і нявінна:

— Хто — ён?

— Алег Іваноў. Вы павінны былі бачыць яго, яго нельга не заўважыць! — чалавек у белым халаце пачаў чырванець ці то ад злосці, ці то ад нерваў.

— Дзе я магла яго бачыць? — працягвала Таня, гледзячы на яго чыстымі, сумленнымі вачыма.

Чалавек зусім раззлаваўся:

— Хопіць! Зараз жа кажыце, дзе ён?!

— Не крычыце на мяне! — раззлавалася і Таня. — Гэта раз. А два — вы хто такі, што вам і ўсім гэтым людзям ад мяне трэба?! Я зараз міліцыю паклічу!

— Міліцыя тут! — з натоўпу вылузаўся таўставаты начальнік міліцыі.

— Дзядзька Дзіма, ну скажыце яму!— працягвала Таня, не падымаючыся з лаўкі.

Начальнік міліцыі горада Ў войкнуў:

— Танька! Ты што тут робіш?!

— Гуляю, дзядзька Дзіма! А тут нікога няма, праўда-праўда, — адказала Таня. — А хлопец з сінімі крыламі вунь туды пабег. Здаецца...

Начальнік міліцыі ссунуў фуражку на патыліцу і паглядзеў на чалавека ў белым халаце. Той правёў рукой па твары.

— Хадзем адсюль, — гыркнуў ён, і ўвесь натоўп, развярнуўшыся сінхронна, пайшоў у іншы бок.

Калі крокі сціхлі, Алег, увесь у вільготнай лістоце кустоў, выбраўся з-за лаўкі.

— Дзякуй, — ён хацеў прысесці побач з Таняй, ледзьве не сеў на свае крылы, падскочыў, згубіў раўнавагу і паваліўся на зямлю. Таня дапамагла яму падняцца, і яны ўсё-ткі прыселі побач.

— Алег, — прадставіўся хлапец, працягнуўшы Тані руку.

— Таня, — сказала тая.

А праз колькі хвілін яны ўжо гутарылі як старыя сябры.

— А ты ведаеш тэарэму Лагранджа? — пытаўся Алег.

— Не, — усміхнулася Таня. — А ты ведаеш, як выбраць самыя свежыя ківі?

— Не! — адказаў Алег.

А потым яны хадзілі па горадзе і размаўлялі. Яшчэ разы два, да самай цемры, ім давялося хавацца ад журналістаў і вучоных. А потым прыйшла ноч. І толькі тады Алег спытаў:

— А ты спрабавала лётаць?

Таня хацела сказаць, што баіцца лётаць, бо ёй па жыцці не шанцуе, што ў яе абавязкова не атрымаецца. Але замест гэтага няўпэўнена адказала:

— Н-не.

— А хочаш паспрабаваць?

— Ты яшчэ пытаешся! — выдыхнула Таня і сама спужалася таго, што сказала.

Але праз хвіліну яны стаялі на той жа тэлевежы, з якой Алег паспрабаваў паляцець першы раз. Унізе свяціўся горад Ў, дзесьці над галовамі браўся світанак — як хутка праляцела ноч.

Алег асцярожна ступіў на край і пацягнуў Таню за руку. Яна, як ніколі смела, пайшла за ім.

— Што трэба рабіць?

— Раскрый крылы, як я, бачыш? Вось вецер, адчуваеш? А цяпер узмахні крыламі і.

Яны паляцелі разам, побач так, нібы інстынктыўна, так, каб не зачапіць адно аднаго.

Яны не ведалі, што недалёка адтуль, на даху свайго дома, стаяў галоўны ўрач горада Ў Анатоль Сцяпанавіч Грыбочак. Да гэтага дня Алег быў адзіным чалавекам, што адважыўся выкарыстаць свае крылы па прызначэнні. Анатоль Сцяпанавіч змяніў пошукі збеглага «летуна» на доўгія падлікі і невясёлыя думкі.

Галоўны ўрач горада Ў з дзяцінства марыў лётаць. Тады, многа год таму, ён усё аддаў бы за пару крылаў. А цяпер? Ён стаяў на даху свайго дома і думаў, пакутліва і доўга. І глядзеў у далечыню. А ў далечыні, на фоне світанку, ляцелі двое. Анатоль Сцяпанавіч перастаў быць рамантыкам недзе ў восьмым класе, і ўжо не памятаў, чаму. Дзесьці ў той жа час ён перастаў верыць у нешта, акрамя навукі. Але зараз, гледзячы на гэтых шчаслівых дзівакоў — ён адразу зразумеў, куды збег Алег — Анатоль Сцяпанавіч быў гатовы таксама паспрабаваць лётаць. І, калі сонца паказалася на небе, ён зрабіў першы, няўмелы крок з даху.

Вадзім Колкі, журналіст мясцовай газеты «Вячэрні Ў» марыў пра славу і кубак гарбаты — у каморцы, якую займала газета, было, як заўсёды, холадна.

Нават крылы, што ў яго з’явіліся, як і ва ўсіх жыхароў горада Ў, не ратавалі ад холаду і прафесійнай невядомасці. Вось гэты хлопец, Алег. Што ўвогуле ён зрабіў? Палятаў над горадам колькі разоў — і ўсё, увесь свет пра яго ведае. Ён, Вадзім Колкі, мог бы таксама палётаць і напісаць рэпартаж. Але гэта будзе ўжо не так востра і актуальна, як магло быць, калі б ён аказаўся першым у гэтай справе.

1 2 3
На этом сайте Вы можете читать книги онлайн бесплатно русская версия Крылы - Валерыя Саротнік.

Оставить комментарий