Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Вядзьмак гаварыў няспешна, праз задумленасць. Здавалася: кожнае слова ім узважана і прадумана. Ягоны пераканаўчы голас абнадзейваў Ганну, даваў магчымасць паверыць, што ўсё яшчэ можа змяніцца да лепшага.— У цябе няма выбару. Калі дасі згоду на маю прапанову — вернецца да цябе мужык, высахне і сыдзе ў зямлю нашкодзіўшая суперніца, трэба толькі прынесці ейны след.
— Я прынесла яго, дзядзечка. Ужо принесла, ён тутака, у клунку. I маленькі гасцінец ёсць вам,— Ганна кінулася да клунка, каб развязаць яго.— Зараз усё выкладу на стол, каб вы пабач...
— Не спяшайся, усё сваім часам,— астудзіў парыў жанчыны Яўхім.— Спачатку паслухай мяне, а затым ужо і да цаны дойдзем. Просьба твая не з цяжкіх. Невялікія высілкі для яе выканання трэба. Але ты не з простых прасіцелек... У тваіх лёсах шмат супрацьлеглага... Ты напалову цёмная і светлая. Гэта ўжо цяжэй, бо няма яснасці, што возьме верх. Тутака трэба твая дапамога. Шчырая, а не ўхільная... Адным словам, вось што скажу: за гэта дзела ты павінна Уладару цемры аддаць душу і цела, а таксама душы дзяцей і маткі тваёй роднай!
Пачуўшы такое, Ганна акамянела. Яўхімавы словы, як пярун, ударылі па жанчыне. На нейкае імгненне яна страціла ўспрыняцце часу: у вачах цёмна, у вушах глуха. Толькі цяжкое дыханне, як у загнанай кабылкі, вырывалася з Ганніных грудзей.
— Ды няма ў гэтым нічога страшнага,— як праз сон даляцелі да жанчыны словы ведзьмака.— Ты хочаш зараз быць шчаслівай, бачыць вясёлыя вочы мужыка, адчуваць ягонае каханне і цеплыню моцных рук — ці не так? Ага! Толькі за ўсё трэбака плаціць. А за такое дзела і плата асаблівая. Не намі гэта заведзена, не нам і адмяняць. Спакон веку так.— Словы Гарбуна былі мяг-
чэйшыя за лебядзіны пух і цяплейшыя за бацькавы.— Ну, што для цябе цяпер душа? Пустое слова — не больш. Яна не прылашчыць і не сагрэе, не накорміць дзяцей, не пацалуе ў твае прыгожыя вочы. Ці не так? Сам табе і адкажу, што так. Цяпер думаем далей. Твае дзеці ні слыхам, ні дыхам ведаць не будуць, што яны ў закладзе. Гэта, наадварот, ім на карысць, толькі падсабленне ў жыцці. Ім, як нікому, паўсюль шэнціць будзе. Зайздроснікі аж локці адгрызуць. Во, як усё добра абварочваецца. Пра матку і размовы няма. Ей ужо ўсё роўна. Яна хоча аднаго-адзінюсенькага — каб ты ў шчасці была. Дзеля гэтага любая матка аддасць грэблівую сваю душу. Бачыш: з усіх бакоў для цябе выгода...
Ганна ачомалася ад спалоху, павярнула галаву да шчыльна зачыненых дзвярэй. Нейкае няўлоўнае імгненне, і яна клубком коціцца з ведзьмаковага ганка. Жанчына не чуе слоў Гарбуна, яны, як ільдзіны, разбіваюцца аб яе спіну, не дасягаючы слыху. Расхрыстаную апратку паддзімае вецер, хустка чорнай плямінай засталася ляжаць на грудку снегу каля варотаў. I змрок ночы для Ганны быў цяпер не такі страшны, як напярэдадні. Аніводнай зоркі на небе. Шумяць, стогнуць дрэвы, быццам перагружаныя каменнем колы павозкі.
I раптам невядома адкуль усхапілася мяцеліца. Крыштальнае марознае паветра заснудзілася мільярдамі снежных віхур. Яны, як вужакі, як брыдкія гадаўкі, акручвалі жанчыну, апляталі ногі і рукі, згіналі да долу, падбіваліся пад адзежыны, высякалі вочы — не давалі дыхнуць. А яна бегла, бегла далей ад Яўхіма, ад ягонага логава, ад жахлівай прапановы, якая больш за мароз студзіла кроў, сціскала, выкручвала сэрца. Забыцца на ўсё, выкінуць з галавы, як смецце з хаты. Але ж ведзьмаковы словы, што кароста, прысталі да жанчыны, здаецца, чапляліся да яе ласінымі кляшчамі.
«Божа мой светлы, адзіны і недзялімы, чаго ж мяне занясло ў праклятае месца? Дзетачкі мае, матулька родная, выбачайце неразумную, даруйце звар’яцелай. Як выбрацца з гэтай мяцеліцы, як не зблудзіцца, як дайсці да вас, мае дарагія людцы? Дапамажыце, сілы нябесныя, укажыце правільную сцежку на зямліцы, не заблытайце мяне».
Ганна ужо не памятавала, колькі часу ішла расхрыстаная праз няўшчукную мяцеліцу, праз пагусцелы лес. Пот з рассталым ад упаранага цела снегам раз’ядаў жанчыне твар, скочваўся па барадзе і шыі на грудзі. Прайшло гадзіны тры-чатыры, і Ганна ўбачыла праз густую снежную прасціну лёгкі прасвет між дрэў. Яна з апошніх сіл кінулася да яго.
— Будзь ты пракляты, нелюдзь! — выдыхнула Ганна. Яна зноўку стаяла перад Яўхімавым селішчам.— Толькі ж не стане па-твойму. Мая душа — мне, дзіцячая — дзецям! Можаш цела апаскудзіць, а душу — ніколі! Чуеш ты, звярына, ніколі!
Крыкнуўшы гэта, Ганна юлой крутнулася на месцы і зноў знікла ў гушчары... Дзе яна падзелася? Ніхто не ведаў і не ведае, акрамя Яўхіма-ведзьмака.
***
Стомленыя Марк і Варка, з поўнымі кошыкамі касцей, падыходзілі да Яўхімавых варотаў, калі яны з неймавернай сілай расчыніліся і адтуль, як куля з дубальтоўкі, выскачыла нейкая жанчына. У цемры цяжка было разгледзець яе твар, але Варка няведама чаму імгненна выцягнула да яе рукі. Ногі дзяўчыны стаялі на месцы, а тулава, ледзь не пераламваючыся, цягнулася ўперад, да невядомай жанчыны. Толькі ж, здаецца, яна не бачыла ні Варку, ні Марка.
— Мамка, матуля мая! — крыкнула Варка на ўсе грудзі. Толькі ж яе голас скруціла ў вязьмо незразумела адкуль наляцелая мацеліца. Жанчыну схавала густая сцяна са снегу. Вецер бязладна грукаў варотамі і, нібы жартаўліва забаўляючыся з хлопцам і дзяўчынай, падпіхваў іх да ганка хаты. Варка ўпіралася, на колькі хапала яе сілы, і ўсё цішэй і цішэй шаптала: «То мая маці, мая матуля. Я адчуваю гэта сэрцам. Навошта пакідаеш мяне? Вярніся, забяры! Я тута, мамка.
— Перастань вярзці лухту,— перапыніў дзяўчыну Марк.— Ты сама гаварыла, што не памятаеш, адкуль з’явілася і хто твае бацькі. А тут раптам ні з таго ні з сяго — маці. Ты нават твару жанчыны не бачыла, дурніца,— неяк ужо больш лагодна буркнуў Марк.— Пайшлі хутчэй у хату, а то мяцеліца зраўняе нас з зямлёю. Сцюдзёна дужа, Варка, пайшлі.
Яўхім сустрэў хлопца з дзяўчынай у сенцах. Стоячы над вялізным гліняным жбанам, ён бязладна ўзмахваў рукамі і выганяў праз дзірку ў столі густыя белыя пасмы, якія нагадвалі тлусты сцюдзень.
— Ляціце, з дарогі збіце. Куды б ні ішла, куды б ні бегла, назад вярніце. I крык яе змучаны, голас прытомлены на вякі вялікія ў грудзях забіце! — Яўхім ракатаў такім голасам і з такім падвываннем, што аж прабірала да касцей, валасы станавіліся на дыбкі.
— Чаго спыніліся?! Дапамагайце мне. Машыце рукамі і паўтарайце пачутыя словы. Не схацела шалёная баба аддаць душу нам, то аддасць яе іншым разам з целам! Не праціўцеся! Гэта ж цяпер і ваш лёс збіраць душы людскія для Уладара цемры. Мо прымусім яе шчэ і вярнуцца. Памагайце, мае наступнікі!
Марк паўтараў кожнае слова і pyx за Яўхімам-гарбуном. А Варка з апушчанымі рукамі стаяла быццам укопаная.
А мая мамка была такая добрая кабеціна, што свет цяперашні не бачыў. I нас гадавала, і ў хаце прыбірала, і татку дапамагала, шчыра гора гаравала. Да ўсяго здатная і ўвішная. Нацярпелася яна мукі ад бацькі нашага. Біў ён яе чым папала: і паленам, і капылом, дзягай і чыгуном — што ў рукі трапляла. Ані слова яна не казала: усё моўчкі ўздыхала ды нас гадавала! — Варка галасіла. Ліла слёзы, як над нябожчыцкай труной.
Ад голасу дзяўчыны супыніўся вядзьмарыць Яўхім, застыў на месцы Марк. Сцішыўся д’яблаў глёк. 3 яго ўжо цягнуліся танюткія, як валасінкі, пасмачкі. Чулася, як захлынаецца на вуліцы і мяцеліца. Пакуль тое ды сёе, зусім змоўк вецер.
— Ты што, нягеглая! — зароў Гарбун і кінуўся на Варку з кулакамі. Але не ўдарыў, толькі затрос імі.— Успомні: ты ж бязродная! Што ўварвалася ў курыную галаву?! Адна-адзінюсенькая ты, як крапівіна пры дарозе. I ён такі ж.— Кіўнуў Яўхім на Марка.— Ніхто не мае на вас правоў. Мае вы, як і я ваш. Зразумелі?!
Яўхім шпарка кінуўся да адной з палічак на сцяне. Не доўга шукаючы, выхапіў адтуль маленькую пляшку і булькнуў нечага з яе ў конаўку з вадою.
— Хлёбайце па чарзе.— Першай саўгануў пітво Варцы. Сербануў некалькі глыткоў і Марк.— Цяпер усё добранька будзе. А то нейкія маткі, бацькі. Цьфу ты. Яны яшчэ не нарадзіліся ў вас, пачакайце крыху.
— Дзядзька Яўхім, а мы аднойчы з мамкай ляцелі на самалёце. Я тады хадзіла ў трэці клас, школа была побач з нашым домам. На моры было так прыгожа, што я нават не хацела дахаты. А яшчэ калі ездзілі ў горад, то любіла катацца на метро. Аднойчы пераблытала...
— Хопіць! — зароў, як ашпараны кіпнем, вядзьмак.— Ніколі не было з табою гэтага. Супакойся, дзяўчынка. Вам з Маркам трэба ўжо спаць. Відаць, дужа стаміліся, поўзаючы па могільніку. Вы ж мая будучыня, мае дзеці! Хто ж вас пашкадуе, калі не я. Спаць, трэба спаць. Заўтра ўсё будзе па-другому, па-новаму.
Пасцяліў Яўхім Варцы на печы, а Марку на прыпеку. Імгненна заснулі яны, разамлелыя ад цяпла.
Вядзьмак жа хадзіў з кута ў кут — уздыхаў, думаў думку, патыліцу шкроб. Не мог ён уцяміць, як дзяўчына ўспомніла тое, што да пэўнага часу і дня ён выгнаў з ейнай галавы, схаваў у недасягальным месцы. А мо і выбар быў зроблены няправільны. Абмыліўся ў чымсьці? Дык, здаецца ж, не. Hi ў царкву ніколі не хадзілі ні той жа Марк, ні Варка, не перакрыжавалі ніколі грудзі. Калі толькі прывідныя пасланцы не тых схапілі, пераблыталі. Ці можа такое здарыцца? Наўрад... А, памятаю, быў аднойчы ўжо такі выпадак. Як пра яго забыўся я? Гэта ж у адным паселішчы жыў Максім. Доўга і даўно прыглядаўся ж да яго. На той час адышлі ўсе мае пасланцы да Уладара цемры. Паўміралі. Трэба было ў людскі гурт выпусціць некага іншага. Моцнага і ёмкага, каб людзі паважалі яго і пабойваліся. Во і спыніўся я на Максіме. Ен не ўмеў зусім Богу маліцца, у царкву ніколі не хадзіў, жыў у адзіноце. Здаецца: лепшага і не трэба... Але не ўбачыў я асноўнага. Максім ніколі нікому злога не рабіў, не спажываў чужога дабра, не ўмываўся чужым потам і сіроцкімі слязьмі. Цяпер гэта ўжо я ведаю. Ніколі б не пасквапіўся на яго.
- Ладонь на плече - Анатоль Козлов - Прочее
- Свет. Начало - Анастасия Каляндра - Детская проза / Прочее / Справочники
- Метро 2033. Темная мишень - Сергей Зайцев - Прочее
- Загадочные места планеты - Галина Железняк - Прочее
- Древняя история России для детей - Валерий Евгеньевич Шамбаров - Детская образовательная литература / Зарубежная образовательная литература / История / Прочее