Крокаў за дзесяць паперадзе арбы заварушыўся, паплыў ва ўсе бакi жоўты пясок на дарозе. З гэтага пяску, з ямiны, у якой хаваўся, чакаючы свайго часу, выскачыў Карпукоў адналетак - русавалосы Снягур з блiскучым двухручным мячом. А Карпук думаў, што ён разам з многiмi дулебамi згарэў у тым вогнiшчы, дзе обры спалiлi палонных.
Пясок цёк у Снягура па валасах, па плячах. Рот быў разарваны жахлiвым крыкам. Снягур бег насустрач Насатаму, пагрозна сцiскаючы меч.
("Перадсмяротная малiтва дулебаў", - сказаў раптам нейчы голас, i Гай Дубровiч пачуў цiхае стоенае галашэнне: "Божа Сварозе, Божа Вялесе, Божа Пяруне, чаму караеш самых мiрных i самых працавiтых? Цi адальюцца калi-небудзь слёзы дулебаў? Божа Сварозе, Божа Вялесе, Божа Пяруне, утапi на тым свеце нашых мучыцеляў у нашых слязах. Разарвi iм вушы i сэрцы нашым плачам бясконцым. Няхай замест хлеба грызуць свае шаблi i бiзуны".)
Ахова, якая iшла паабапал дарогi, заўважыла Снягура адразу ж. Обры з гiканнем ускiнулi лукi, пусцiлi свае страшныя доўгiя стрэлы. Некалькi стрэл прабiлi Снягуру грудзi, адна ўпiлася ў правую нагу. Але ён, хрыпучы, дабег да арбы, секануў мячом i ўпаў, аблiўшыся крывёю. Насаты не паспеў выхапiць з-за пояса кiнжал. Ён толькi крутнуўся ўсiм целам i гэтым выратаваў сваю галаву. Снегураў меч, цяжка свiснуўшы, адсек яму нос. Насаты ("Бязносы!" радасна крыкнулi дулебкi i рынулiся ад арбы ва ўсе бакi) схапiўся рукамi за скрываўлены твар, пачаў енчыць ад болю.
- Уцякайце! - вытыркнуўшыся са сваёй схованкi, крычаў дзяўчатам Карпук. - Ратуйцеся!
Ды обры забiлi ўсiх. Якую ўзяла шабля, якую дагнала страла. З глухiм стогнам упаў Карпук у елачкi, абадраў сабе шчокi, залiўся няўцешным плачам. Калi ж узняў галаву, убачыў над сабой стэпавiкоў. Са звязанымi рукамi, з арканам, якi да жаўцiзны ў вачах перацiскаў шыю, пабег ён за канём у родную весь.
- Апошнi дулеб? - здзiвiўся Бязносы, седзячы на мяккiх вышываных падушках у святлiцы князя Вастрагляда. - Адзiны?
- Адзiны, - смела адказаў Карпук, - як адзiны быў у цябе нос.
- А-а-а! - люта крыкнуў обр, ускочыў з падушак, цвёрдым наском скуранога бота з усяе сiлы ўдарыў Карпука ў жывот.
Потым Карпука адлiлi вадой, падцягнулi да акна, i Бязносы, пырскаючы слiнай, закрычаў:
- Глядзi, сабака, на двор! Бачыш вунь тыя шасты?! Ведаеш, што на iх вiсiць, што сушыцца?! Шкуры дулебак, якiя хацелi збегчы ад мяне!
I ён, чырванеючы вачамi, зарагатаў. Як па камандзе зарагаталi ўсе прысутныя обры.
Яны смяялiся, а Карпук, кусаючы губы, ломячы пальцы рук, глядзеў на светлую дзявочую скуру, злупленую з цела разам з густымi доўгiмi валасамi. Вунь, як вячэрняя зара, палымнеюць на шасце прыгожыя медныя валасы. Трыснята!
- Апошнi дулеб, - казаў мiж тым Бязносы, пiльна пазiраючы на Карпука. Я не забiваю апошнiх. Жывi. Дыхай. Чарвякам хапае месца там, дзе пасвяцца крылатыя стэпавыя жарабкi. Жывi. Старайся не патрапiць пад бязлiтасны капыт. Але на табе абарвецца род дулебаў, i, як нiкчэмная восеньская павуцiна, назаўсёды знiкнуць яны.
Павярнуўшыся да аховы, Бязносы загадаў:
- Кастрыраваць яго i выкiнуць у поле!
("Цi не занадта жорсткi эксперымент? - спытаў нехта з людзей доктара Метэора. Голас гучаў як з-пад зямлi".
"Боль павiнен лячыцца болем, - адказаў сам доктар. - Толькi праз пакуты ўсе мы знаходзiм радасць - i людзi, i народы".)
Як бяздворны сабака, Карпук жыў у ельнiку. Еў ягады, арэхi, кiслую заечую капусту. У лясным ручаi лавiў рыбу, вялiў яе на сонцы. Кожную ноч снiлiся не обры i нават не Трыснята, а забiтыя волаты, асаблiва iхнi малы. Снiлася, як ён бязгучна плакаў у той час, калi Чацвяртак пераразаў касой яму горла.
Жыццё страцiла ўсялякi сэнс. Ён быў ужо не чалавекам, а паловай, нават трэцяй часткай чалавека, мужчыны. Пасля сябе на зямлi ён нiкога не мог пакiнуць, i зараз у яго нiкога не было, толькi ягоны цень.
Але аднойчы ўпершыню прыснiўся сон не пра волатаў. Устаў над Карпуком, як жытнёвы колас, малодшы брат князя Вастрагляда князь Клён (Клён!!!), сказаў:
- Ты - дулеб i я - дулеб. Радуйся. Не памёр наш народ. Не знiк i не высах, як высыхаюць у спёку ручаi. Цэлы сонцаварот вёў я сваiх людзей на новую зямлю, i мы знайшлi яе. Радуйся. Тут шумiць белы бярозавы гай. Тут у зялёнай траве з рагамi хаваюцца нашы каровы. Тут цячэ рака Бярэзiна, а ў яе ўлiваецца рака Вольса, а ў Вольсу ўпадае маленькая, як зайчыкаў хвосцiк, рэчачка. Мы завем яе Дулебкай.
Радасна зрабiлася Карпуку, радасна i шчаслiва. Ён прутка ўзвiўся на ногi, смелым вокам зiрнуў на наваколле, i аказалася, што не ўсе пачуццi памерлi ў ягоных грудзях. Той, хто быў жорстка паранены жыццём, у каго на вачах забiлi самых родных i самых любiмых, каму плявалi ў вочы i кiдалi камянi ў твар, заўсёды павiнен помнiць, што свецiць яму адно-адзiнае сонца. Iмя таму сонцу - Помста.
Ён (адзiн!) знiшчыў цэлую арду обраў на чале з Бязносым. Не жалезам, вядома. Стаяла лютая спякота, i проста на вачах дашчэнту высыхалi рэкi i рэчачкi, знiкала вада. Конскiя табуны обраў i самi обры пакутвалi ад смагi. Да крынiц, а iх у наваколлi, як цвёрда ведаў Карпук, было пяць, выстрайвалiся шумныя чэргi. Крычучы, лаючыся, кожны са'сваiм канём iрваўся да выратавальнай вады.
Карпук схадзiў да таго дуба, дзе забiлi i закапалi волатаў, раскалупаў дубовым суком iхнюю магiлу, узяў Чацвертакову касу, якую пахавалi разам з волатамi. Гэтай касой ён абразаў хвасты коням стэпавiкоў. Падкрадваўся да коней у начным лузе, паiў вадой са скураной торбы i рэзаў гарачы цвёрды волас. Шмат валаснi назбiралася за некалькi дзён. З яе Карпук, хаваючыся ў ельнiку, нарабiў пробак-затычак. Потым, зноў жа ноччу, ныраў у ямiны, дзе яшчэ заставалася вада, знаходзiў пругкi халодны струменьчык i мёртвай валасяной пробкай затыкаў крынiцу, закупорваў яе. Гэтак ён "патушыў" чатыры крынiцы. Днём, лежачы ў ельнiку, ён з радасцю чуў, як ажно выюць ад злосцi i адчаю обры. Там, дзе яшчэ дзень-два назад мог напiцца конь i чалавек, ляжала, пакрытая пылам, гарачая скарынка сухога карычневага дна.
Заставалася апошняя, пятая крынiца - Святы Круг. Яна была самая халодная, самая глыбокая. У яе на Купалле князь Вастрагляд кiдаў шчодрай рукой тры круглыя залатыя манеты. Такiя манеты купецкiя караваны прывозiлi з поўдня, з далёкай зямлi народа, якi называецца рамеямi. Карпук, калi яшчэ быў смаркатым недаросткам-малалеткам, чуў ад дарослых, што на дне Святога Круга ўзвышаецца курганок гэтых манет, ён ззяе ў месячныя ночы.
- А што, калi нырнуць i дастаць на бераг гэты залаты курганок? спытаў, помнiцца, Карпук.
- Толькi дакранешся да яго, i адразу рука па плячо адсохне, - сказалi яму.
Моцныя струмянi, якiя былi з дна Святога Круга, Карпук не мог адолець iмклiвая, аж ледзяная вада вырывала ўсе пробкi. Ды ён ведаў, што гэткiм чынам нiколi не пераможа Святы Круг. Ён падумаў i зрабiў iнакшае.
У глухую поўнач, калi не было вiдно нi зорак, нi месяца, нi сцежкi, ногi самi вынеслi Карпука на курган, дзе ляжаў попел продкаў. У поўнай цемры, не запальваючы агонь, ён адшукаў тую дзiрку-рану, з якой перад самым нашэсцем обраў выкацiлiся трыццаць тры гаршкi. Ён стаў на каленi перад гэтай дзiркай, перад брамкай, што вяла ў Зямлю Нябожчыкаў.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});