Читать интересную книгу Яд у сэрцы - Уладзімір Мажылоўскі

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5

— У нас што, улада памянялася? — Самуіл жартаўліва вырачыў вочы. — Ці мне гэта ўсё падаецца?

— І ты сядай да стала, — пан Міхал не адказаў на жарт. — Гэта, як і абяцаў, пан Ключэўскі выставіў нам карчагу венгерскага віна.

— Значыць капкан спрацаваў і ён усё ж злавіў Ваўчыцу? — Самуіл спыніўся пасярод кабінета, паглядзеў на войта і, убачыўшы, што той згодна хітнуў галавой, пацікавіўся: — І хто ж яна?

— Ты сядай, — пан Міхал не звярнуў увагі на тое, што вочы Корчака раптоўна ўспыхнулі хваравітым бляскам. — Выпі віна, а я раскажу ўсё па парадку, так, як мне расказаў княжы намеснік.

Самуіл сеў на лаву, пачакаў, пакуль Фёдар напоўніць яго кубак, залпам, бы суцяшаючы ўнутраны боль, выпіў церпкае віно, пацягнуўся па крымскую ягаду. І толькі тады войт пачаў свой пераказ:

— Пан Ключэўскі, як і дамаўляліся, адабраў учора два дзясяткі ратнікаў і патаемна павёў іх пешшу да двара пана Юрыя. Там размеркаваў іх па двое, указаў, хто за які ўчастак панадворка адказвае, загадаў ім надзейна схавацца і цэлую ноч не спаць. Сам жа разам з панам Юрыем застаўся ў хаце.

Бандыты з’явіліся апоўначы, з’явіліся нечакана, каварна. Іх ужо і не чакалі, як пасярод ночы ў вароты нехта адчайна забарабаніў і з таго боку да слыху ратнікаў данёсся дзіцячы голас:

— Дапамажыце! На нас напалі! Тату і маці засеклі, зараз гоняцца за мной! Ратуйце!

Пан Ключэўскі паверыў, выскачыў з хаты, кінуўся да варот, каб іх адчыніць, каб уратаваць нявіннае стварэнне. Адчыніў і адразу ж атрымаў цяжкім дубцом па галаве. Ён, акрываўлены і аглушаны, паваліўся на зямлю, а бандыты ўварваліся на панадворак і натоўпам рынуліся да ўваходных дзвярэй, якія гаспадар паспеў зачыніць на засоўку. Гэта на імгненне азадачыла забойцаў, яны спыніліся і гэтай іх замінкі хапіла самастрэльшчыкам, каб выпусціць у іх два дзясяткі смертаносных стрэл.

Бандытаў перабілі адразу, а вось у хлапчука ніхто з самастрэльшчыкаў не рашыўся пусціць стралу. І, магчыма, ён уцёк бы, выратаваў сваё жыццё, ды пан Ключэўскі своечасова ачуняў, перахапіў яго ля самых варот.

— І што?

— А нічога, — войт весела развёў убок рукі. — Злоўлены хлапчук аказаўся дзяўчынай, а забітыя бандыты — яе братамі.

— Дзяўчынай? — Фёдар з недаверам чамусьці паглядзеў на Корчака. — І, можа, гэта ўдава цесляра Герасіма Дораха?

— Ды не была яна ніколі жонкай Гераські, — неахвотна, быццам гаворачы нешта асабіста-патаемнае, заместа войта адказаў сябру Самуіл. — Так, прыблуда. Пасля смерці сваёй маці прыбілася да Дораха, а як ён памёр — стала гаспадыняй яго двара.

— Ну і жыла б сабе спакойна, дурніца!

— Тут іншае, Федзя. У іх сям’і нараджаліся толькі хлопчыкі, і Юлія павінна была б нарадзіцца хлопчыкам. Аднак Бог недзе зазяваўся, не даглядзеў, а чорт адразу ўсунуў там сваю валасатую лапу — злучыў мужчынскае сэрца і жаночую плоць... Васямнаццаць гадоў барацьбы жаночага і мужчынскага ў адным целе — гэта жах! Хто мог ёй дапамагчы? Хто мог аблегчыць яе пакуты? Ды і выхоўвалася яна ў галечы, без бацькі, разам з братамі.

— Ты яе шкадуеш?

— Я імкнуся зразумець, чаму яна пачала забіваць, хачу разабрацца ў тым, хто сапраўды вінаваты ў яе злачынствах і ці няма ў тым і нашай віны.

— Ну ты і скажаш! — няшчыра, гледзячы на пана Міхала, быццам чакаючы ад яго падтрымкі, засмяяўся Фёдар. — У чым мая перад ёй правіна, калі пра гэтую Юлію да ўчарашняга дня я наогул нічога не чуў? Дарэчы, а дзе яна зараз?

— Зараз пан намеснік у клетцы вязе яе ў Вільню, каб паказаць вялікаму князю, і дзе яе будуць судзіць за ўсе зладзействы, — войт узяў у рукі карчагу, разліў па кубках віно.

— Яна ж, пэўна, просталюдзінка, — паціснуў плячыма Корчак. — Чаму ёй такая пашана, што яе будзе судзіць сам вялікі князь?

— А ты думаеш у Вільні няма лаўніцкага суда? — войт ахінуў добрым, светлым позіркам лаўнікаў і ўрачыста падняў свой кубак: — Няхай у дзяржаве нашай і надалей уладарыць справядлівасць, а паганыя душы, такія, як у гэтай Ваўчыцы, і сапраўды смажацца ў пекле.

— Вельмі ўжо зашмат яду было ў яе сэрцы, — прашаптаў сабе Корчак, сумна ўсміхнуўся ў адказ урачыста-вясёламу пану Міхалу і залпам выпіў свой кубак.

1 2 3 4 5
На этом сайте Вы можете читать книги онлайн бесплатно русская версия Яд у сэрцы - Уладзімір Мажылоўскі.
Книги, аналогичгные Яд у сэрцы - Уладзімір Мажылоўскі

Оставить комментарий