Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Назаўтра да абеду скасілі, да вечара высушылі і ў акуратныя копы склалі. Клін быў чысты, прыбраны, прыемна вачам было глядзець, а нагам ступаць, і самім не верылася, як такія малыя мурашы змаглі ўправіцца з такой колькасцю травы.
Больш не было чаго рабіць. Падплыў паром. А людзі не спяшаліся, усё стаялі, гаварылі... Хацелася яшчэ хоць крышку тут пабыць, у гэтым цудоўным месцы.
— Паехаліце! — звала, упрошвала Махновачка, баючыся за малога. — Ну паеха- ліце ўжо!..
І калі ішлі да парома чыстай пакошай, міжволі азіраліся, і ўсе, нават дарослыя мужчыны, у думках дзякавалі свайму лугу, ужо не дзікаму, і развітваліся з ім, як думалі, да наступнага лета.
VI
Прайшло шэсць гадоў. У Кулінічаў выгадаваўся сынок — гэткі херувімчык з белымі, як ільняное палатно, валасамі, і з сінімі, як кветкі лёну, вачыма — увесь у свайго дзядзьку Пятра.
Чамусьці познія дзеці заўсёды крыху не такія, як усе. Васілька больш цягнула да дарослых. З дзецьмі ён не надта любіў гуляць «у нашых і немцаў», у хованкі, у хакей-футбол, — адзінае, на што згаджаўся, пастаяць у варотах, ці, як ён казаў — «на вароцях». Яму цікавей было з бацькам пасоўваць па клетках шашкі, склад аць даміно ці перакідвацца з маткаю картамі ў «п’яніцу». Часта пад вечар каля Кулінічавай хаты можна было назіраць такі малюнак: сядзяць на лаўцы дзяды з ківенькамі, і з краю маленькі Васілёк з палачкаю, пальчыкі счэплены на каленях.
Кулінічы не шкадавалі для яго нічога. Больш дзяцей у іх не было, і Васільку даставалася ўся пяшчота.
У вёсцы не разумелі гэтага. Вёска ўсё хавае, тут не прынята паказваць, што ты нешта ці некага моцна любіш, тут не да мусі-пусяў, не да цялячых пацалункаў, не да цырымоній; усё гэта выпрацоўвалася вякамі, перадавалася з пакалення ў пакаленне як абярэг, было няпісаным кодэксам.
Вось класічны дыялог маці з сынам: «Ідзі есці, ірад!» — «Ай, не хочу!» — «Я табе не захочу!.. Я з цябе шкуру злуплю!..»
У Кулінічаў усё па-іншаму. Махновачка выплыве на вуліцу, мядовым голасам: «Васілёчку, ідзі, сыночку, естачкі!» — «Іду, мамачка. А дзе татка?»
Бацькі з малых гадоў прывучаюць дзяцей да скрытнасці: пойдзеш гуляць, дык хаця нікому не кажы, што еў, у чужой хаце не сядай за стол, не пазірай, як чужыя ядуць, — самы вялікі сорам, калі падумаюць, што галодны.
— Ды барані Бог нічога нікому не расказвай! Маўчы, і ўсё!
Васілька ахвотна ішоў у любую хату, як у сваю ўласную. Лез за стол, калі запра- шалі. І адказваў на любое пытанне. Хітрая баба перастрэне, заманіць цукеркаю ці грушаю, і пачынаецца: «А што ты сёння еў, Васільку?»
— Каўбасу з казулі. І яшчэ фаршу матка накруціла.
— А браце! А дзе ж вы мяса бярэце?
— Ляснічы прывёз, — бесклапотна казаў Васілёк, седзячы на лаве, хістаючы ножкаю.
— А матка цябе б’е калі?
— Не-а.
— Ты, мабыць, як вырасцеш, будзеш ляснічым?
— Не-а.
— Дык мо брыгадзірам? Маслоўскі хутка на пенсію, дык мо ты замест яго будзеш?
— Не-а.
— А кім ты будзеш?
— Матросам на караблі.
— Ты пабач! — аж слупянела баба ад здзіўлення. — Хто ж цябе гэтаму вучыць? Матка?
— Не-а. Дзядзька Пятро.
— А колькі табе матка грошай на кніжку наклала? Мо ўжо тысячу?
— Не-а. Сто мільёнаў.
— А браце!.. Так Махновачка навучыла...
Зрэшты, усе падобныя спектаклі заканчваліся аднолькава — пасля бабы ўголас адна адной пераказвалі (ведаючы, што кожная данясе Махновачцы):
— Не людзі, а золато! І Кулініч, і дзіцятко, і жоначка яго!..
А Кулініч між тым выматваўся ў сваім лясніцтве; усё зарабляў і бярог. Не адста- вала Махновачка: і ў калгасе, і ў горадзе на базары, і агарод вяла. Многа памагаў лес-карміцель. Узімку, расцягнутыя на рожках перад печчу, заўсёды сушыліся зайцавы шкуркі ці смярдзела на ўсю хату ліса. Не саромеліся дзіцячага заробку: збіралі і здавалі ў нарыхтоўчую кантору сасновыя і бярозавыя пупышкі, лупілі іх вёдрамі, а ўвосень тымі ж вёдрамі ў тую ж кантору цягалі рабінавыя ягады. Пра лета няма чаго казаць. Улетку літаральна начавалі ў лесе. Дралі кару з крушыны і лазы, гра- бёнкаю збіралі ягады, латашылі арэхі, ці, як казаў Васілёк, арах/ — «арахоў цехнік даў!» Кару ён называў — кора. Увогуле, Васілёк дзякуючы матцы ўзбагачаў мясцо- вую лексіку. Усе казалі — «во ён», Васілёк — «во се то во ён»; усе — «даўно», Васілёк — «во се пара»...
Мацнела гаспадарка. З’яўляліся новыя матэрыяльныя рэчы. І ўсё было як бы ў квадраце, мела сваю маленькую копію — з прыцэлам на Васілька. Была кабыла — і жарэбчык, стрэльба двухстволка — і тульская аднастволачка, матацыкл «Урал» — і каляска да яго... Быў чорна-белы тэлевізар — Кулініч з’ездзіў у горад, вярнуўся з каляровым.
Махновачка на вуліцы прыціскала Васілька да сябе і ў залежнасці ад таго, як рос іх дабрабыт, мяняла сынаву будучыню:
— Хутка будзеш з намі ў калясачцы ў лес ездзіць, кору драць...
— Будзеш са стрэльбачкі зайцоў біць...
— Выгадуецца жарэбчык — паскачаш на ім у лясніцтва, бацьку памагаць...
— Вось вывучышся — будзеш у цвятным целевізарыку выступаць...
— Вось прададзім матацыкл, купім машынку — будзеш руль круціць...
Усе гэтыя штучкі не маглі не насцярожваць. Не трэба хваліцца шчасцем, яно не любіць публічнасці, яго трэба хаваць, нават саромецца яго; шчаслівыя павінны адгарадзіцца ад астатніх дубовымі дзвярамі, жалезнымі замкамі — хаця б дзеля таго, каб не сурочылі.
І быў яшчэ адзін момант. Надта ж прыгожа ў Кулінічаў пад акном расла каліна. А па вясковых няпісаных законах каліну (як елку ці сасну) нельга садзіць блізка. Звычайна яна туліцца на задворках, хаваецца ў глухім канцы агарода. А ў іх расла навідавоку, адразу перад верандай, у кампаніі толькі ламаносаў — гэтыя абвівалі і калінавы куст, і шула, і саму веранду і яшчэ паўзлі ўверх, чапляючыся вусікамі за нацягнутыя гаспадыняй ніткі, да самага франтона. Акрамя гэтых бяскрыўдных ламаносаў, нічога больш не замінала каліне; яна тут уладкавалася, як пані: шыкоў- ная, пародзістая, увесну аблітая белым кветам, улетку нават здалля чырвоная ад буйных, большых за вішні ягад.
Калі б у Кулінічаў была дачка, дык вось ён, гатовы, апрабаваны сімвал: калі- на — дзяўчына. Дрэўца расце і квітнее, і разам з ім дачушка... Але Васілёк быў мужчынскага полу, таму гэты варыянт не спрацоўвае, на жаль. Неяк у жніўні, увечары, сонца заходзіла за хаты, я, босы на цёплым вулічным пяску, спыніўся перад калінай... І так сэрца забалела!.. Чаго яно баліць, куды ірвецца, што яму хочацца, яно ж нічога яшчэ не ведае... Адкуль гэтае адчуванне, якое не магло ва мне ўзнікнуць з нічога? Гэта чужое адчуванне — таго, хто жыў да мяне, я цвёрда ведаю, яно перайшло, пасялілася ў маім целе, я проста яго нашу ў сабе, як чужую рэч, а потым яно таксама пяройдзе ў чыёсьці цела, і ўжо той будучы чалавек будзе заміраць ад салодкага і жахлівага болю ў сэрцы, не разумеючы, што яго мучыць... Жыццё — рака; у яе то ўваходзяць, то выходзяць, то нараджаюцца, то паміраюць. Я памру — выйду з ракі, нараджуся — увайду ў раку іншым целам. Целы розныя, а адчуванні свету, сонца, пясочку пад нагамі, прахалоднай імклівай вады, паху травы з дзікіх лугоў — інакш кажучы, душа — на ўсіх адна. І якая розніца, у чыім новым абліччы я ўвайду ў знаёмую раку, каб зноў адчуць тое ж самае?.. Можа, таму людзі так і клапоцяцца пра сваю будучыню, так б’юцца над яе ўладкаваннем, так стара- юцца вымасціць дарогу да яе, каб яна была лепшаю за сёння — бо адчуваюць, што ім самім там яшчэ жыць?..
VII
Перад тым, як зайсці да Кулінічаў, Пятро Кветка спыняўся пад калінаю, даставаў з кішэні пінжака пляшку «чарнільца», прамочваў горла, зрываў жменю ягад разам з лісцем, зажоўваў, адплёўваўся, пасмейваўся:
— Ад душы... Дабрачая закуска!
Пятро пакрысе ператварыўся ў ціхага, скончанага п’яніцу. Гэта проста быў нейкі эксперымент з прадвызначаным фіналам: хто каго, я гарэлку ці яна мяне?
З часам у яго знізіўся бар’ер уздзеяння спіртнога — яго ніколі не ванітавала. Аднак нават у тыя рэдкія дні, калі ён не піў, у яго ўжо ўсё роўна кожны вечар па інерцыі пачыналі блытацца думкі і ногі.
Ён даўно закінуў мару пра машыніста, ужо не праводзіць з зайздрасцю вачыма хуткасныя цягнікі; цяпер яго цікавяць толькі «мядзведзі» — таварнякі з віном з Малдавіі, якое чырвонаносыя экспедытары за капейкі прадаюць на разліў. Не рас- казвае ён ужо і пра свой Узбекістан, панама знасілася, а альбом стачылі ў пацяруху мышы.
Жонка кляла яго: «Чаго на людзях не чувана, не бачана — каб так чалавек дамоўкі цураўся! Дошкі ў плоце калываюцца, як зубы, а яму няма калі. А ён паўзе і паўзе па чужых хатах, хто яму там якім мёдам мажа...»
І праўда, гаспадаркі ён не любіў, тут Валя мела рацыю. Ужо тады абазначыўся крах вёскі — задоўга да Чарнобыля і перабудовы, пачыналіся першыя яе перадсмя- ротныя сутаргі, пакаленне Пятра было апошнім пакаленнем, звязаным з зямлёй; яны ведалі, што апошнія, што на іх усё скончыцца, дзеці іхнія ўжо не выберуць іхняй долі, ды ніхто і не хацеў, каб яны яе такую выбіралі.
- Па другі бок ценю - Уладзімір Мажылоўскі - Прочее
- Сестры - Викентий Вересаев - Прочее
- Гранд-адмирал. Том третий. Часть 1 - Илья Сергеевич Модус - Космическая фантастика / Прочее / Попаданцы / Фанфик
- Сахаров В. Северная война. - Неизвестно - Прочее
- Черняев 1981 - Неизвестно - Прочее