Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Вядома, i да Лютэра была пэўная цiкавасць да некаторых яшчэ жывых сведкаў гiсторыi пакутаў рэбэ Ёшуа alias Iсуса Хрыста; царква разлiчвала скарыстацца гэтымi сведчаннямi супроць паняверцаў i ератыкоў i, натуральна, супроць яўрэяў. Але цiкавасць гэтая была абмежаваная, i сведкi такiя былi рэдкасцю, калi наогул былi, i даводзiлася апасацца, што яны разыдуцца даволi шырока i сваёй рэлiгiйнай даставернасцю словам i думкам укрыжаванага змогуць супрацьпаставiцца практыцы клiру.
I нiхто з верагодных сведак, як i заўсёды iх iмёны, не стаўся сiмвал-вобразам, тым больш яўрэйскiм.
Iм стаў найперш Агасфер, ды i мог стаць толькi ён, i менавiта толькi пасля Рэфармацыi, бо яна ў авалоданых ёю рэгiёнах знiшчыла грашова-гандлёвую манаполiю каталiцкай царквы i яе вялiкiх банкiрскiх дамоў Фужэ i Вэльзэра. Царква ўжо даўно перастала лiчыцца з запiсанай у пятай кнiзе Майсея, раздзел 23, верш 21 забаронай грашовых пазык пад працэнты; супроць гэтага абурана выступаў Лютэр, ваюючы супроць гандлю iндульгенцыямi, адначасова на меркантыльных структурах свайго часу, i пабожныя пратэстанты, якiя вярталiся да бiблiйных запаведзяў, сядзелi без банкiраў тут. Але як Вы будзеце ведаць, паважаны запiс 5 Майсей, 23:21 забараняе браць працэнты толькi з брата твайго, а ў чужога ты можаш адшпiлiць; гэты паварот прадвызначыў адных, якiя бачылi ў большасцi насельнiцтва чужых, менавiта яўрэйскую меншасць, для грашовага гешэфту, i паколькi ў яўрэяў так i так было адабрана права на iншае валоданне альбо прафесiю, яны пачалi займацца гэтым. Лютэр быў тым, хто пагнаў князёў i сялян да неаселых яўрэяў, каб iх жа лiхвярства i праклiнаць на ўсё горла i распантаць пагромную цкоўлю, з якое жывiлiся i нацысты. Да рэфармацыi ў антысемiтызму былi галоўным чынам рэлiгiйныя кампаненты, бо а чаму яўрэi дапусцiлi ўкрыжаванне Iсуса, бо а чаму дагэтуль усё яшчэ адмаўляюцца прызнаць у iм месiю? I вось гэты антысемiтызм атрымаў неўвядальную эканамiчную аснову i адразу ж сiмвал-вобраз, так, якi можна было ненавiдзець i якi да таго ж адпавядаў страхам, якiя заўсёды былi перад iншародным, несваiм, жыдоўскiм вобраз Агасфера.
Я ўсведамляю, дарагi калега Байфус, што падобныя цяжкасцi, якiя Вы ўжо мелi з асобай Агасфера, пасля майго аналiзу сiмвал-вобраза толькi вырастуць. Але Вы былi тым, хто закiнуў гэты тэрмiн у дэбаты, i таму мне не заставалася нiчога iншага, як прыняць iх.
Я вiтаю Вас гэтак жа калегiяльна, як i сардэчна
Ваш
Ёханаан Лёйхтэнтрагер
Hebrew University
Jerusalem
Таварышу
праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу
Iнстытут навуковага атэiзму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлiн
8 лiпеня 1980
Дарагi таварыш Байфус!
Пасля дэталёвага азнаямлення з Тваёй карэспандэнцыяй з праф. Лёйхтэнтрагерам з Яўрэйскага унiверсiтэта ў Ерусалiме мы мусiм канстатаваць, што яна сышла на блытаныя абочныя шляхi. Нягледзячы на паўторную акцэнтацыю нашых навукова распрацаваных пазiцый Твайму iзраiльскаму партнёру па перапiсцы, Ты пастаянна падупадаеш уплыву апошняга, робiш саступкi, якiя пазней, калi Ты зноў выходзiш на гладкi лёд, вымушаны грунтоўна адклiкаць назад. Што яшчэ больш важна, замест таго, каб выкрываць, якiя планы iзраiльскiя iмперыялiсты праследуюць дыскусiяй пра Агасфера ў вобласцi iдэалагiчных дыверсiй, Ты дапусцiў, каб праф. Лёйхтэнтрагер ублытаў Цябе ў туманныя дэталi, якiя не вядуць да нiчога i якiя Цябе, калi Ты як дагэтуль iх разглядаеш, павiнны прывесцi ў супярэчлiвую пазiцыю да палiтыкi нашага партыйнага i дзяржаўнага кiраўнiцтва.
Гэта асаблiва важна для дыскусii пра Лютэра, у якую Твой "дарагi калега" хацеў бы дадаткова ўблытаць Цябе i якая напярэдаднi святкавання года Лютэра ў 1983 г., у якое як вядома ўключылiся найвышэйшыя прадстаўнiкi нашай дзяржавы, наогул не ў нашых iнтарэсах. Калi сёння гер Лёйхтэнтрагер нагадвае Табе пра антысемiцкiя прамовы i пiсаннi Лютэра, дык заўтра ён Табе працытуе, што Лютэр у Сялянскай вайне сказаў "супроць забойчых i грабежнiцкiх бандаў сялян", якiх "трэба бiць камянямi, душыць i калоць, нiшчыць, як кручаных сабак", i тым самым не толькi Цябе, але i ўсiх, хто хоча ператварыць ушанаванне Лютэра ва ўсеахопны поспех, паставiць у цяжкае становiшча.
Рэкамендуецца, каб Ты далiкатным спосабам намякнуў праф. Лёйхтэнтрагеру, што ягоны вiзiт у ГДР, асаблiва ў суправаджэннi пана Агасфера, непажаданы. Пасля гэтага карэспандэнцыю з iм трэба спынiць.
З адпаведнымi органамi папярэдне дамоўлена.
З сацыялiстычным прывiтаннем
Вюрцнер
кiраўнiк галоўнага аддзела
Мiнiстэрства вышэйшай
i прафесiйнай школьнай адукацыi
РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЙЦI
У якiм паказваецца, як супэрiнтэндэнт фон Айцэн абараняе адзiна правiльную любоў супроць усялякiх адхiленьняў i адчужэньняў, i якая ўяўляецца Маргрыт д'ябальскiм блефам.
Некалькi гадкоў пралятаюць у краiне, нават у герцагстве Шлезьвiг, i вось ужо робiцца так, што з auctoritas прыходзiць reputatio, цi, як на нашай прыземленай мове, з годнасьцю прыходзiць i слава, i прыходзiць адусюль: ад гесэнскiх ландграфаў i зь цюбiнгскага факультэта, з гамбургскага сэната й ад саксонскiх курфюрстаў, i ўсiм патрэбен гер супэрiнтэндэнт Паўлюс фон Айцэн зь ягоным меркаваньнем у сьвятых справах, i ў яго цяпер самы спрыяльны момант, каб стацца арбiтрам i судзьдзёю ва ўсiх справах, дзе гаворка iдзе пра правiльнае тлумачэньне слоў Хрыста альбо Аўгсбургскага веравызнаньня альбо ўсяго таго, што можа быць ерасьсю, а што не; ягоныя пасланьнi разыходзяцца па землях i ўспрымаюцца, як калiсь пiсьмы апосталаў цэрквам; i больш таго, калi было трэба, ён асабiста зьбiраўся i выпрўляўся ў iнспэкцыi, аб'езьдзiў усё аж да Наўмбурга, завiтваў i ў больш далёкiя мясцовасьцi, i заўсёды з дабраславеньнем Яго сьветласьцi герцага, як пасланец Бога й адвакат адзiна правiльнага й шчасьцедайнага вучэньня, як яно распрацавана й выкладзена нашым доктарам Марцiнусам Лютэрам; i толькi там, дзе грунт самы цьвёрды й трывалы й дзе павiнна быць узьведзена царства божае на добрым падмурку й моцных палях, там, ва ўласнай епархii, там яшчэ ўсё вагаецца й хiстаецца й асыпаецца ў кроквах i бэльках, варта толькi растапырыць вуха й прыслухацца да нашэптаў дысiдэнтаў i запанявернiкаў тайнасьцяў i эўхарыстыi; i самае горшае, што падобнае заглытваецца герцагам Адальфам, якi вярнуўся з паходу ў Галандыю i за недахопам пераможных лаўраў на полi бою жадае зыскаць iх у веравызнаўчых спрэчках, а яго супэрiнтэндэнт павiнен яму дзеля гэтага муштраваць ягоныя духоўныя войскi, каб яны брава крочылi ў нагу, вучыць iх паваротам направа, налева, кругом, як таму й належыцца быць.
Тайны радца Лёйхтэнтрагер, якi як заўсёды дакладна ведае, дзе цiсьне бот, гаворыць зь iм на гэты конт i кажа:
- Яшчэ мудры Арыстотэль, у якога й хрысьцiянiн можа навучыцца шмат чаго карыснага, лiчыў, што сапраўдная даброць вырастае ня з сэрца людскога, бо яно поўнае ўсякiх пахiбаў i часта падупадае спакушэньню, а толькi з закона: таму ўсё, што мае ў сабе законную дапушчальнасьць, павiнна быць кадыфiкавана, i чалавек павiнен быць прывязаны да гэтага, калi трэба, дык i жалезнымi ланцугамi.
- Ах, - адказвае яму гер супэрiнтэндэнт, - на наш вялiкi жаль людзi шануюць запаведзь Божую больш тады, калi парушаюць яе, чым калi трымаюцца яе, i Бог карае iх недастаткова, i найперш не па сьвежым сьледзе, як павiнна было б быць, з доўгай цярплiвасьцю, i дае iм убачыць i пераканацца, так што яны думаюць, што, калi той на небе ня ўмешваецца адразу з громам i маланкамi, дык усё было правiльна, тым часам, як i духоўнае ведамства, далёкае ад месца падзей, не пра ўсё даведваецца адразу.
- Гэта, Паўль, - кажа яго сябар Лёйхтэнтрагер, - толькi таму, што ты глядзiш двума зенкамi й слухаеш двума лапухамi; гэтага недастаткова. Ты павiнен iх мець дзьве сотнi альбо дзьве тысячы, каб i прыглядвалi й слухалi, тады пойдзе лепш i лацьвей; бо твае геры пастары й прапаведнiкi няўжо толькi дзеля таго, каб кволiцца й дабрашчасьцiцца?
- Ня так проста гэта зрабiць, Гансе, - кажа Айцэн, - бо геры пастары й прапаведнiкi - гультаi й схiляюцца да таго, каб лепей быць добранькiмi даражэнькаму Богу, дык як жа мне раскласьцi агонь пад iх тоўстымi дупламi?
- Ты павiнен iх абавязаць, - кажа сябар, пяшчотна пагладжваючы па галоўцы крошку Маргарэту, якая, кавыляючы ножкай, увайшла ў пакой са сваiм горбiкам на сьпiне, падносячы госьцю вiно: з запасаў герцага, бо царкве заўсёды нешта перападае. - Звязаць абавязкам праз прысягу й подпiс, - кажа тайны радца, - цi ж бо не прысягае жаўнер сьцягу й цi ж пасьля ня слухаецца свайго камандзiра?
У Айцэна ўсё роўна як шоры спадаюць з вачэй, як бы нябеснае прасьвятленьне находзiць, што, калi ягоныя пастыры й прапаведнiкi будуць запрысягнутыя на догматах веры й сьвята паабяцаюць строга давесьцi iх да сваiх вернiкаў, каб i зь iх нiхто ня ўхiлiўся, нiхто не спатыкнуўся, iнакш на iх будзе данесена вышэйшым начальствам, дык царства божае хутка дабярэцца й да Шлезьвiга, герцагу на ўцеху й Богу на ўпадабаньне. I ён думае, як жа глыбока пранiкае яго сябар у душы людзкiя наогул i ў душы пастараў i прапаведнiкаў у прыватнасьцi, бо пасьля такой прысягi нiкога больш ня трэба будзе пераконваць, бо чалавек можа лёгка страцiць свае прыбыткi й прывiлеi, калi завiнавацiцца альбо палезе на ражон; так цi iнакш вядома будзе, чым усё можа скончыцца.