"Бертан: Калi я знiзiўся на трыццаць метраў, трымацца на такой вышынi стала цяжка, бо ў круглым, вольным ад туману прасвеце дзьмуў парывiсты вецер. Мне давялося ўважлiва сачыць за кiраваннем, таму я нейкi час - хвiлiн 10 або 15 - не выглядваў з кабiны. У вынiку я, сам таго не жадаючы, увайшоў у туман, мяне загнаў туды моцны парыў ветру. Гэта быў не звычайны туман, а нешта накшталт калоiднай суспензii: усе вокны былi зацягнуты ёй. Iх было вельмi цяжка ачысцiць. Суспензiя вельмi лiпучая. Тым часам у вынiку супрацiўлення таго, што я называю туманам, абароты вiнта зменшылiся адсоткаў на трыццаць, i я пачаў губляць вышыню. Ляцеў зусiм нiзка i баяўся, каб не капатаваць на хвалю, таму даў поўны газ. Машына перастала знiжацца, але вышынi не набiрала. У мяне заставалася яшчэ чатыры патроны ракетных паскаральнiкаў. Я не скарыстаў iх, бо лiчыў, што сiтуацыя можа ўскладнiцца i яны мне яшчэ спатрэбяцца. На поўных абаротах узнiкла вельмi моцная вiбрацыя, вiдаць, незвычайная суспензiя абляпiла вiнт, аднак стрэлка замеру вышынi па-ранейшаму стаяла на нулi, i я нiчога не мог зрабiць. Сонца я не бачыў з той хвiлiны, як увайшоў у туман, але там, дзе яно павiнна было знаходзiцца, туман чырвона свяцiўся. Я рабiў кругi, спадзеючыся ў рэшце рэшт выйсцi ў прасвет, свабодны ад туману, i сапраўды, прыкладна праз паўгадзiны мне гэта ўдалося. Я апынуўся на чыстым участку ў форме амаль што правiльнага круга дыяметра некалькi соцень метраў, вакол якога клубiўся туман, быццам там былi моцныя паветраныя струменi. Таму я iмкнуўся, як гэта дазвалялi абставiны, трымацца ў цэнтры "дзiркi": там было цiшэй. Я заўважыў, што паверхня Акiяна змянiлася. Хвалi амаль знiклi, а верхнi слой вадкасцi, з якой складаецца Акiян, стаў напалову празрыстым, з дымчатымi плямамi. Яны паступова знiкалi. Неўзабаве верхнi слой стаў зусiм празрыстым, i праз яго тоўшчу, якая мела некалькi метраў, я мог зазiрнуць углыбiню. Там збiралася нешта накшталт жоўтай каламуцi, якая тонкiмi вертыкальнымi струменямi падымалася ўгору; калi яна ўсплывала на паверхню, то гэтая субстанцыя пачынала блiшчаць, бурлiла, пенiлася i застывала, нагадваючы густы падгарэлы цукровы сiроп. Гэтае рэчыва - цi то гразь, цi то слiзь - утварала патаўшчэннi, нарасты на паверхнi, якiя былi падобны на каляровую капусту, i паступова прымала сама разнастайныя формы. Мяне пачало зносiць у туман, я мусiў заняцца вiнтом i рулём, а калi праз некалькi хвiлiн выглянуў, то ўбачыў унiзе нешта накшталт саду. Так, накшталт саду. Я бачыў карлiкавыя дрэвы, жывы плот, сцяжынкi - не сапраўдныя, а з таго ж самага рэчыва, якое, калi зусiм застыла, нагадвала жаўтлявы гiпс. Так гэта выглядала; уся паверхня iльснiлася, я апусцiўся, як толькi здолеў, каб дасканала ўсё гэта агледзець.
Камiсiя: Цi было на дрэвах i раслiнах, якiя ты бачыў, лiсце?
Бертан: Не. Гэта было нешта накшталт макета. Так, гэта нагадвала макет. Але бадай што макет у натуральную велiчыню. Мiнула хвiлiна, i ўсё пачало крышыцца i ламацца, праз абсалютна чорныя трэшчыны на паверхню палезла густая слiзь, частка яе сцякала, а частка заставалася i застывала, усё забурлiла, пакрылася пенай, я нiчога больш не бачыў, акрамя пены. Адначасова на мяне пачаў наступаць туман, я павялiчыў абароты i падняўся на трыста метраў.
Камiсiя: Ты цвёрда перакананы, што ўбачанае табой нагадвала сад - i больш нiчога?
Бертан: Так. Я ж заўважыў там розныя дэталi: напрыклад, у адным кутку, памятаю, стаялi побач квадратныя скрыначкi. Пазней мне стукнула ў галаву, што гэта магла быць пасека.
Камiсiя: Пазней стукнула табе ў галаву? А хiба не ў той момант, калi ты ўбачыў?
Бертан: Не, бо ўсё гэта было як з гiпсу. Я бачыў i iншыя рэчы.
Камiсiя: Якiя рэчы?
Бертан: Не магу сказаць якiя, я не паспеў iх як след разгледзець. Здаецца, пад некаторымi кустамi ляжалi нейкiя прадметы, даўгаватыя, з зубамi, яны былi падобны на гiпсавыя злепкi з маленькiх садовых машын. Але ў гэтым я не ўпэўнены. А ў тым, што казаў раней, не сумняваюся.
Камiсiя: А ты не думаў, што ў цябе галюцынацыi?
Бертан: Не. Я думаў, што гэта мiраж. Пра галюцынацыi не можа быць i гаворкi: па-першае, я адчуваў сябе нармальна, па-другое, iх у мяне наогул нiколi не было. Калi я падняўся на вышыню 300 метраў, туман унiзе пада мной, пранiзаны лейкамi, быў падобны на сыр. Адны з гэтых дзiрак былi пустыя, праз iх бачны хвалi Акiяна, у iншых нешта клубiлася. Я знiзiўся ў адну з леек i з вышынi сарака метраў убачыў, што пад паверхняй Акiяна - зусiм неглыбока ляжыць як быццам сцяна вельмi вялiкага будынка; яна выразна бачылася праз хвалi, у ёй знаходзiлiся радкi правiльнай формы адтулiн, падобных на вокны; у некаторых вокнах, па-мойму, нешта рухалася, але ў гэтым я не цалкам упэўнены. Сцяна стала пакрысе падымацца i выступаць з Акiяна, з яе цэлымi вадаспадамi сцякала слiзь i звiсалi нейкiя пражылкi. Раптам сцяна развалiлася на дзве часткi i пачала хутка апускацца ў глыбiню, а пасля знiкла. Я зноў набраў вышыню i ляцеў проста над туманам - шасi амаль дакраналiся да яго. Наступны лейкападобны прасвет быў у некалькi разоў большы за першы. Яшчэ здалёку я ўбачыў: там плавае нешта светлае, амаль белае, абрысы нагадвалi фiгуру чалавека. Я падумаў - мо гэта скафандр Фехнера? Баючыся згубiць гэтае месца, я крута развярнуў машыну. Фiгура крыху прыўзнялася: здавалася, яна плыве або стаiць да пояса ў хвалях. Я занадта паспешна лiквiдаваў вышыню i адчуў, як шасi зачапiлiся за нешта мяккае - напэўна, за грэбень хвалi, даволi высокай у гэтым месцы. Чалавек - так, менавiта чалавек - быў без скафандра, i ўсё адно ён шавялiўся.
Камiсiя: Ты бачыў яго твар?
Бертан: Бачыў.
Камiсiя: Хто гэта быў?
Бертан: Дзiця.
Камiсiя: Якое дзiця? Ты бачыў яго калi-небудзь раней?
Бертан: Не. Нiколi. Ва ўсякiм выпадку я гэтага не памятаю. Як толькi я наблiзiўся - напачатку мяне аддзяляла ад яго метраў сорак, а мо крыху больш, я адразу зразумеў, што тут штосьцi не так.
Камiсiя: Што ты маеш на ўвазе?
Бертан: Зараз растлумачу. Спачатку я разгубiўся, а пасля зразумеў: дзiця было незвычайна вялiкага росту. Мала сказаць - велiкан. Яно было метры чатыры. Помню дакладна: калi шасi стукнулася аб хвалю, твар дзiцяцi знаходзiўся крыху вышэй за мой твар, а я, хоць i сядзеў у кабiне, быў, вiдаць, метры за тры ад паверхнi Акiяна.
Камiсiя: Калi яно было такое вялiкае, чаму ты лiчыш, што гэта дзiця?
Бертан: Таму, што яно было зусiм маленькае.
Камiсiя: Цi не здаецца табе, што твой адказ нелагiчны?
Бертан: Не. Не здаецца. Я бачыў яго твар. Ды i склад цела быў дзiцячы. Яно здалося мне амаль... амаль грудным. Не, не тое. Яму магло быць два альбо тры гады. У яго былi чорныя валасы i блакiтныя вочы - вялiзныя! Яно было голае, зусiм голае, нiбыта толькi што нарадзiлася. I мокрае, а больш дакладна пакрытае слiззю, скура яго блiшчала.
Гэты малюнак страшна падзейнiчаў на мяне. Больш я не верыў нiякiм мiражам. Бо я разгледзеў дзiця надта добра. Хвалi хiсталi яго, i, акрамя таго, яно само рухалася, гэта было агiдна!
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});