Читать интересную книгу Сталёвая поўня - Зміцер Падбярэзскі

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5

- Ды з вёскі, вунь той, - махнуў рукой дзед. - На звера іду паляваць. А тут бачу - вы.

Дзед Васільевіч налічыў вакол вогнішча дзевяць чалавек. З іх толькі адзін знешне выглядаў адрозна ад іншых: маленькага росту, з крываватымі нагамі, вузкімі вачыма і смуглым колерам твару. Ён і адзначыў:

- З такой вось вінтоўкай толькі на людзей палююць!

- Не, яно зручна і на кабана, і на вавёрку якую.

- Што такое вавёрка? - запытаўся смуглатвары.

- Памаўчы! - абарваў яго галоўны. - Як цябе клічуць?

- Дзедам Васільевічам людзі завуць...

- Ну дык вось, дзед. Ты павінен уступіць у наш атрад.

- Нікому нічога я не павінен, - адказаў дзед. - Я і ў калгас не пайшоў, як зганялі, і ў ваш атрад не пайду!

- Ты што, не жадаеш змагацца з ворагам? - змяніў голас галоўны. - Ці ты ўжо ў паліцыю запісаўся? Дык у нас з такімі гутарка кароткая: куля ў галаву - і ў кусты.

- Ну, куля - гэта занадта проста. А як мяне не паслухаецеся, дык дні праз тры-чатыры вы самі ў жвір паляжаце. Гэта калі нехта пажадае яшчэ для вас ямы капаць...

- Што ён сказаў? - замітусіўся смуглатвары.

- Маўчы, Агмаль! - накінуўся на яго камандзір. - Што ты хочаш сказаць, дзед? Што нас пастраляюць? Ці не ты, га?

- Немцы вас пастраляюць. Бо вы нібы знарок выстаўляецеся, каб вас пабачылі. Хто гэта вогнішча з сырога галля складае? За кіламетар жа відаць...

- Ну, гэта так, згодны. Пілой ды сякерай у вёсцы толькі ноччу разжыліся. На лапаты і цвікі, праўда, забыліся.

- Зямлянку і без цвікоў можна зрабіць. А вось у лес адысці метраў на трыста не пашкодзіла б, - працягваў дзед Васільевіч. - Бо як адсякуць вас ад пушчы, дык і пакладуць усіх на беразе рэчкі. А немец не будзе глыбока ў лес хадзіць. Не любіць.

- А ваду з рэчкі ў лес ты нам цягаць будзеш? - запытаўся той, якога назвалі Агмалем.

- Камандзір загадае - сам і прынясеш, - адказаў дзед.

- Глядзі ты, які вопытны... - прамармытаў старэйшы. - Што яшчэ нам параіш?

- А параю я вам людзей у вёсцы больш без патрэбы не рабаваць. Бо на вас не было разлічана. Няўжо вас сюды без якіх кансерваў скінулі?

- Былі кансервы. Два вялізныя мяхі, з рацыяй, але парашуты некуды знесла. Мяшкі са зброяй, з выбухоўкай знайшлі, а вось тыя - не. Ты, як будзеш лесам хадзіць, можа, натрапіш на іх. Тады скажаш дзе. Але твае ў вёсцы павінны запомніць: мы сюды прыйшлі змагацца з ворагам. І той, хто адмовіцца нам дапамагаць, будзе бязлітасна пакараны! Таму ў вёсцы абавязаныя даць нам усё, што патрэбна.

- Яно нібы й так, - пагадзіўся дзед. - Толькі чаму ж вы гэтых людзей немцу аддалі? Чаму пусцілі яго гэтак далёка? Людзі тады пры чым, га?

- Ты, дзед, не разводзь тут антысавецкую прапаганду! Набраўся ў палякаў рознага. Адступілі мы часова, выключна з тактычных меркаванняў. А як разгарыцца полымя народнай вайны, дык і пабяжыць немец назад, хутчэй, чым прыйшоў! І ты мусіш нам дапамагаць. Прыкладам, сказаць, хто ў вёсцы на немцаў працуе.

- А ніхто не працуе. Вёска маленькая, з пачаткам вайны мужыкі амаль сышлі хто куды. Быў адзін, дык у мястэчка перабраўся ў паліцыю.

- Вялікі там гарнізон? - пацікавіўся камандзір.

- Вам не па зубах будзе, - адказаў дзед. - Во яшчэ. Як надумаецеся ў немца страляць, рабіце гэта дзе падалей ад Лохвіцы. Бо тады немец і людзей, і хаты не пашкадуе. І вы тады з голаду памрэце.

- А ты нам не загадвай, дзе аперацыі рабіць! - уставіў сваё Агмаль. - Ты нам прынясі паболей тытуню, солі, водкі!

- Можа, табе і сала прынесці? - усміхнуўся Васільевіч і пачуў, як рэшта парашутыстаў, што раней маўчалі, зладжана зарагатала.

- І сала таксама, - як адрэзаў, сказаў камандзір. - Мяне завуць Карчоў. Маёр Карчоў. А ты будзеш нашым сувязным. Але як немцаў на нас навядзеш - вёску тваю дымам пусцім, так і ведай.

“Гэтыя могуць спаліць, хутчэй за немца, - думаў дзед, ідучы ў бок леснічоўкі. - Як і ў спіну стрэліць. Бач ты, антысавецкая прапаганда! Язык, што мянташка... Зрэшты, я іх папярэдзіў”.

У леснічоўцы ён выцягнуў з-пад стала кораб і дастаў з яго два вялікія капканы. Некалі, яшчэ за польскім часам, з дапамогай аднаго ўпаляваў нават мядзведзя, але гадоў мо з дзесяць гэтыя сталёвыя, з вялікімі вострымі зубамі пасткі ляжалі без справы: ці то павыбівалі тут мішак, ці то падаліся тыя куды далей у пушчу. Агледзеўшы ўважліва магутныя прылады, схаваў капканы і задумаўся.

“Пра тыя торбы я ім нічога не сказаў. Добра ці дрэнна? Дрэнна тое, што днямі харчы ў іх скончацца і яны зноў папруцца ў вёску. Галодныя ды азвярэлыя могуць што заўгодна нарабіць. А добра тое, што... Добра, што не сказаў! Гэта як у картах махляр козыр у рукаве хавае, які можа спатрэбіцца ў любы момант...”

Дзед Васільевіч у лесе навучыўся спаць, як той сабака: адным вухам у падушку, другім - на вуліцу. Таму праз дзень і прачнуўся пасярод ночы, пачуўшы выбух, а потым і стрэлы з таго боку, дзе праз рэчку быў перакінуты чыгуначны мост. “Пачалося, каб вам с...аку асотам парэзала!” - вылаяўся ён, зразумеўшы, што заснуць ужо не атрымаецца. Запаліў газнічку, накінуў кажух, выйшаў на ганак. Страляніна хутка сціхла, глухая восеньская ноч зноў ахінула наваколле.

“Папёрліся, значыць, на чыгунку. Відаць, на кандачка папёрліся, не праверыўшы, як там немец ахоўвае. І напэўна атрымалі па карку. А што? Шкадаваць іх? Я ж прасіў: далей ад вёскі. А яны - не, наадварот, быццам той мост ім самы ласы. Ну, чакай сёння ў Лохвіцу гасцей...”

Недзе а дзясятай гадзіне раніцы ён, захапіўшы вінтоўку, пасунуўся ў бок бальшака, дзе й прыхаваўся ў хмызняку. Чакаць давялося нядоўга: хутка з боку мястэчка праехала нямецкая калона з шасці матацыклаў і адной браняванай машыны. З якую гадзіну было ціха, толькі па чыгунцы прагрукатаў цягнік: начная дыверсія, як зразумеў дзед, плёну не дала. Неўзабаве па бальшаку ў бок мястэчка праехалі машына і матацыклы, і тады дзед Васільевіч з палёгкай уздыхнуў: пэўна, у Лохвіцы абышлося, статус вёскі спрацаваў. Пакінуўшы вінтоўку ў хмызах, ён пайшоў да сваіх.

У Лохвіцы сапраўды было як заўсёды: нехта яшчэ корпаўся ў гародах, над комінамі ўздымаліся дымы, квохкалі нешматлікія куры. Ля хаты Васіліхі дзед павітаўся са сваімі.

- І што немцы? - запытаўся ён.

- А што яны? - адказала Васіліха. - Пыталіся, ці не бачылі мы тут чужых, ці не прыходзіў хто з незнаёмых у вёску.

- І што вы?

- А што мы, дурныя? Скажаш, што прыходзілі, - што зменіцца? А тыя ноччу зноў прыйдуць і пастраляюць людзей.

- Твая праўда, - згадзіўся дзед.

- Шакалад не давалі гэтым разам, жмінды, - паскардзіўся Мішка. - Толькі па хатах ды гумнах лазілі. Мусіць, зброю шукалі.

- А што шукаць? - выбухнула Васіліха. - Што, нашыя бабы з віламі на тую чыгунку пойдуць цягнікі спыняць? Гэта яны так шукалі, дзеля адчэпнага. Разумеюць жа, што гэта не нашыя ноччу там былі.

Дзед Васільевіч згодна кіўнуў і папрасіў сабраць пад’есці, а таксама мяшэчак самасаду ды якую газету.

- Дзеда, ты ж не паліш, - здзівіўся Мішка.

- Ты, гэта... Памаўчы! І памятай, што я табе казаў, - заўважыў дзед Васільевіч і пакрочыў у бок хаты нябожчыцы Марысі, дзе ягоная пляменніца Данута зранку збірала дзяцей.

Данута вучылася на медсястру, але з-за вайны не паспела скончыць вучэнне, вярнулая з горада ў Лохвіцу, дзе вырашыла вучыць малых грамаце і сякім-такім нескладаным і заўсёды патрэбным навукам. Дзеці, ад няма чаго рабіць, прыходзілі ў “школку” з задавальненнем, нават Мішка. час ад часу выседжваў на лаўцы якія дзве-тры гадзіны. Наогул дзетак розных узростаў было ў Лохвіцы крыху больш за дзясятак, але ўсе яны былі радыя вучыцца пісаць ды чытаць, рашаць арыфметычныя задачкі, гуляць з Данутай, да якой звярталіся няйначай, як пані настаўніца.

Дзед Васільевіч прыйшоў да Марысінай хаты якраз тады, калі Данута з дзецьмі бавілася на вуліцы. Прывітаўшыся, дзед адвёў пляменніцу ад дзяцей і сказаў:

- Данутка, думаю, табе варта ў мястэчка перабрацца.

- А што так, дзеду, раптам? Мне й тут добра.

- Сама ж чужых, напэўна, бачыла, - патлумачыў дзед. - Гэтыя прыбышы не па нашых панятках жывуць, і калі што, доўга думаць не прывучаныя.

- Дык што ім да мяне? - не зразумела Данута.

- А вось што. Па-першае, ты - маладая ды гожая, а яны здзічэлыя без баб. Не да Васіліхі ж ім чапляцца, зразумела? Па-другое, калі раптам дазнаюцца, што ты на медыцыну вучылася, пацягнуць з сабой у лес. І што гэта значыць, не мне табе казаць.

- Як жа я дзетак кіну? - запярэчыла Данута. - Хто іх вучыць будзе?

- Гэта - вайна, - адказаў дзед. - Час, калі аніякіх правілаў не існуе. Час, калі доўга думаць нельга. Вось і ты не думай, а рабі. У мястэчку няхай сабе і немцы, але ж - спакайней будзе. І спыніцца ёсць у каго. Уцяміла?

Словы дзеда Васільевіча прагучалі ці не як загад, таму Данута не за­пярэчыла, толькі моўчкі вярнулася да дзяцей. А дзед, захапіўшы ў Вісіліхі торбу з ежай і тытунём, пайшоў да леснічоўкі, забраў па дарозе вінтоўку і дарогаю думаў-прыкідваў, калі ж парашутысты надумаюцца зноў пайсці ў Лохвіцу. Выпадала, што начы праз дзве, найбольш - праз тры. Значыць, неабходна іх яшчэ раз папярэдзіць...

1 2 3 4 5
На этом сайте Вы можете читать книги онлайн бесплатно русская версия Сталёвая поўня - Зміцер Падбярэзскі.
Книги, аналогичгные Сталёвая поўня - Зміцер Падбярэзскі

Оставить комментарий